У Менску прайшла жаночая акцыя ў падтрымку Марыі Калесьнікавай, ёсьць затрыманыя

9 верасьня ў Менску прайшла жаночая акцыя ў падтрымку Марыі Калесьнікавай і іншых палітычных зьняволеных.

Да пачатку акцыі група жанчын прайшла па праспэкце Незалежнасьці зь бел-чырвона-белымі парасонамі.

У 18.15 каля гандлёвага цэнтру «Няміга 3» сабраліся больш за 20 жанчын, паводле БелаПАН. Яны трымалі плякаты: «Ці гатовыя ўкрасьці, пасадзіць і выгнаць сотні тысяч жанчын? Ну-ну, героі», «Марыя, ты наш герой! І што б ні здарылася, мы з табой», «Добрая Маша, але ня ваша» ды іншыя.

Тых, хто сабраўся, на камэру здымаў супрацоўнік праваахоўных органаў у мэдычнай масцы, а міліцыянт у форме казаў праз мэгафон, што мерапрыемства не санкцыянаванае, і прапаноўваў разысьціся.

На месцы акцыі зьявіліся невядомыя ў масках у цывільным адзеньні, а таксама сілавікі ў чорных балаклавах і зялёнай форме без апазнавальных знакаў. Ад журналістаў запатрабавалі адысьці на адлегласьць 50 мэтраў: «У мэтах вашай бясьпекі, каб не было нэгатыўных наступстваў, каб вы не пацярпелі, каб потым не пісалі, што вас б’юць».

Частка жанчын пасьля зьяўленьня праваахоўнікаў пайшла ў бок праспэкту Пераможцаў, частка засталася. Прыкладна ў гэты ж час да акцыі далучыліся яшчэ больш за дзесяць дзяўчат, і пачаліся затрыманьні.

Усяго, як змаглі заўважыць журналісты, было затрымана ня менш за 7 жанчын, а таксама хлопец з роварам і бел-чырвона-белым сьцягам. Усіх пасадзілі ў мікрааўтобусы.

Мінакі, якія назіралі за дзеяньнямі сілавікоў, крычалі «Ганьба!» і «Трыбунал!». Паступова дзяўчаты сышлі ад гандлёвага цэнтру.

Па стане на 20.50 праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 13 жанчын, затрыманых падчас акцыі:

  1. Пучынская Барбара
  2. Пучынская Крысьціна
  3. Гвардзеенка Лізавета
  4. Петражыцкая Марыя
  5. Курчанкова Крысьціна
  6. Шчарбакова Марта
  7. Далматава Марына
  8. Бягун Ксенія
  9. Аляксейчык Алеся
  10. Шэлікава Ўльяна
  11. Шышкова Ўльяна
  12. Шышкова Людміла
  13. Іўчык Варвара

Марыя Калесьнікава прапала ў Менску раніцай 7 верасьня. Паводле відавочцаў, на вуліцы Леніна невядомыя пасадзілі яе ў мікрааўтобус і зьвезьлі. Неўзабаве зьніклі таксама сябры Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў.

Раніцай 8 верасьня пры спробе гвалтоўнай высылкі ва Ўкраіну Калесьнікава парвала пашпарт і выбралася з машыны паміж пунктамі пропуску. Яе затрымалі беларускія памежнікі. Краўцоў і Раднянкоў, каб пазьбегнуць затрыманьня, на вялікай хуткасьці зьехалі на тэрыторыю Ўкраіны.

9 верасьня стала вядома, што Калесьнікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»).

Таксама падазраванымі па гэтай справе праходзяць юрысты Максім Знак і Ільля Салей.