СК: Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака заключылі пад варту, Ільля Салей затрыманы

Архіўнае фота. Прадстаўнікі штабу Віктара Бабарыкі, зьлева направа: Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Ільля Салей

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы, якую завяла Генпракуратура Беларусі па ч.3 ст.361 Крымінальнага кодэксу РБ, паведаміў Сьледчы камітэт у Тэлеграме.

У паведамленьні гаворыцца, што ў ходзе расьсьледаваньня СК атрымаў доказы таго, што некаторыя сябры «Каардынацыйнай рады» з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў рабілі дзеяньні, «накіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

У дачыненьні да Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака, якія зьяўляюцца падазраванымі па справе, з санкцыі пракурора абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

Таксама па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні ўказанага злачынства затрыманы Ільля Салей, паведамляе СК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт: Калесьнікаву, Знака і Салея падазраюць у закліках да захопу ўлады
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрысты Максім Знак і Ільля Салей — падазраваныя ў крымінальнай справе аб «захопе ўлады»