Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ператрусы ў Ільлі Салея і Максіма Знака ішлі ў сувязі з крымінальнай справай паводле ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Ільля Салей і Максім Знак цяпер знаходзяцца ў цэнтральным апараце Сьледчага камітэту.
Адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі пацьвердзіў БелаПАН, што Знак мае статус падазраванага ў рамках крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі: публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту»).
У гэтай жа справе як падазраваная праходзіць сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава.
Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч ня змог пацьвердзіць Свабодзе гэтую інфармацыю і параіў сачыць за публікацыямі свайго ведамства ў інфармацыйных рэсурсах найбліжэйшым часам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт: Калесьнікаву, Знака і Салея падазраюць у закліках да захопу ўладыЗь сямёх сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады шэсьць альбо затрыманыя, альбо гвалтоўна вывезеныя за мяжу. На волі застаецца толькі нобэлеўская ляўрэатка пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, але і да яе сёньня прыйшлі апэратыўнікі ў цывільным, у двары два аўтобусы.
Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, якая цяпер у Літве. Першае пасяджэньне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генэральная пракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).