Фанатаў ЦСКА аштрафавалі за бел-чырвона-белы сцяг на стадыёне

Архіўнае фота

Суд у Маскве аштрафаваў пяцёх фанатаў футбольнага клюбу ЦСКА і часова забараніў ім наведваць матчы з прычыны вывешанага на стадыёне бел-чырвона-белага сьцяга.

Аляксандру Нікіціну, Яўгену Аляксандраву, Арцёму Градоўскаму і Аляксандру Рудневу забаранілі наведваць спартыўныя мерапрыемствы на паўгода, Дзьмітрыю Галямбеўскому — на год. Усе яны абавязаныя заплаціць штраф па тры тысячы рублёў ($40). На судзе Галямбеўскі сказаў, што ня лічыць сябе ў чымсьці вінаватым і яго ўчынак ня быў палітычным жэстам. Галямбеўскі таксама заявіў, што затрыманыя разам зь ім фанаты ня мелі дачыненьня да акцыі са сьцягам.

Заўзятараў затрымалі 15 жніўня пасьля матчу паміж ЦСКА і клюбам «Тамбоў». Акрамя вывешанага на стадыёне сьцяга, фанаты скандавалі «Жыве Беларусь!», пасьля таго як беларускі нападнік ЦСКА Ільля Шкурын забіў гол. У пратаколе сказана, што заўзятары правялі «публічнае мерапрыемства, не прадугледжанае рэглямэнтам правядзеньня афіцыйнага спартовага мерапрыемства, а менавіта расьцягнулі ня ўзгоднены з арганізатарам мерапрыемства бел-чырвона-белы сьцяг, які зьяўляецца сымбалем беларускіх апазыцыянэраў».