Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасады генпракурора Аляксандра Канюка, прызначыўшы на яго месца экс-старшыню Дзяржкамітэта судовых экспэртыз Андрэя Шведа. Што стаіць за гэтай адстаўкай?
Што сказаў Лукашэнка
Лукашэнка адзначыў, што Канюк працаваў на пасадзе генпракурора дзевяць гадоў. «Больш за тое, чалавек надзейны, дзяржаўны, чалавек ваенны, прайшоў Аўганістан, мы гэта ведаем. Ведае замежныя мовы. У яго ёсьць жаданьне папрацаваць на дыпляматычнай службе. Я не пярэчу супраць такога жаданьня. Трэба зьвязацца зь міністрам замежных спраў і папрасіць яго падрыхтаваць свае прапановы», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, што лічыць кадравыя перастаноўкі «натуральным працэсам» у любой дзяржаве пасьля выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў новага генэральнага пракурораВэрсія № 1
Адзін зь лідэраў кампаній салідарнасьці BY_help і BYSOL Андрэй Стрыжак лічыць, што «няздольнасьць пракуратуры спыніць плыні дапамогі ад народных фондаў» стала адной з прычын адстаўкі Аляксандра Канюка.
Стрыжак, які яшчэ да выбараў зьехаў ва Ўкраіну, апублікаваў запыт ГУБАЗіК МУС Беларусі з санкцыяй генпракурора на прадстаўленьне інфармацыі пра банкаўскія рахункі людзей, зьвязаных з ініцыятывамі ўзаемадапамогі.
Згаданыя кампаніі ўзаемадапамогі пацярпелым ад рэпрэсій, звольненым па палітычных матывах, а таксама тым, хто звольніўся, сабрала ўжо больш за 2,8 млн даляраў.
Вэрсія № 2
Паводле інфармацыі dev.by, сын Аляксандра Канюка Дзьмітры да канца сакавіка працаваў прадуктовым мэнэджэрам у ІТ-кампаніі PandaDoc.
Пасьля таго, як у PandaDoc прайшлі ператрусы з затрыманьнем чатырох супрацоўнікаў, у профілі Дзьмітрыя Канюка ў Facebook зьявілася рамка #SavePandaDoc ў знак салідарнасьці з экс-калегамі.
Дзьмітры Канюк таксама ініцыяваў праект па пошуку блізкіх пасьля жнівеньскіх пратэстаў і масавых і жорсткіх затрыманьняў. Ён дзякаваў парталу Tut.by і генпракуратуры за дапамогу ў пошуку інфармацыі пра зьніклых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паміж уладай і народам лютая нянавісьць». Інтэрвію з заснавальнікам PandaDoc Мікітам МікадамСупрацоўнікаў PandaDoc абвінавачваюць у тым, што яны як група асоб, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры каля 107 тысяч беларускіх рублёў з бюджэту, прычыніўшы тым самым шкоду дзяржаве.
Раней заснавальнік кампаніі Сяргей Барысюк і Мікіта Мікада ініцывалі стварэньне прыватнай ініцыятывы па зборы грошай для сілавікоў, якія вырашылі зьмяніць прафэсію. Яны атрымалі каля 600 заявак. Сяргей Барысюк у сябе ў Facebook адзначаў, што падчас ператрусаў у офісе шукалі сьпісы сілавікоў, якія зьвярнуліся да іх.