8 верасьня аднавіла працу вугорская служба Радыё Свабодная Эўропа. Яна была закрытая неўзабаве пасьля заканчэньня халоднай вайны і пераходу Вугоршчыны да дэмакратыі. Праца службы аднаўляецца на фоне пагаршэньня сытуацыі са свабодай друку ў Вугоршчыне, якое адзначаецца міжнароднымі арганізацыямі.
«Мы рады вяртаньню ў Вугоршчыну з прафэсійным кантэнтам і ўласьцівай РСЭ прыхільнасьцю служэньню грамадзкім інтарэсам, якія палягаюць у тым, што мы паведамляем аб праблемах, якія найбольш хвалююць нашу аўдыторыю», — заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта карпарацыі Дэйзі Сындэлар.
Вугорскую службу ўзначаліў журналіст Дзьюла Чак, які раней працаваў у Euronews, быў карэспандэнтам вугорскай службы Бі-Бі-Сі, займаў кіраўнічыя пазыцыі ў некалькіх вугорскіх СМІ.
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода прыняло рашэньне аднавіць працу вугорскай службы летась увосень. Гэта стала адказам на сур’ёзныя перамены, якія адбыліся ў сфэры мэдыя ў гэтай краіне. У індэксе свабоды прэсы за 2020 год, складзеным арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў», Вугоршчына апусьцілася адразу на 16 пазыцыяў, заняўшы 89-е месца. За апошнія 10 гадоў урад Віктара Орбана прама ці ўскосна ўзяў пад кантроль большасьць вядучых СМІ ў краіне, уключаючы грамадзкае тэлебачаньне і радыё.
Вугорская служба Радыё Свабодная Эўропа (Szabad Európa Rádió) вяшчала зь Мюнхэну і была зачыненая ў 1993 годзе. Бюро вугорскай службы разьмешчанае ў Будапэшце, яна працуе як онлайн-плятформа.
У 2018-2019 гадах была адноўленая праца бюро РСЭ ў Румыніі і Баўгарыі. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода цяпер распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах.