Беларускія памежнікі паведамілі расейскаму інфармацыйнаму агенцтву «РИА Новости», што пакуль не адпусьцілі Марыю Калесьнікаву, «разбор па ранішнім інцыдэнце працягваецца».
7 верасьня СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што Калесьнікаву невядомыя людзі каля Нацыянальнага мастацкага музэю пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезьлі ў невядомым кірунку. У МУС Беларусі 7 верасьня Свабодзе адказалі, што не валодаюць інфармацыяй аб яе затрыманьні.
7 верасьня таксама зьнікла сувязь і з выканаўчым сакратаром Каардынацыйнай рады Іванам Краўцовым.
З раніцы 8 верасьня стала вядома, што сябры Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў выехалі ва Ўкраіну. Марыю Калесьнікаву затрымалі на мяжы.
Агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» з спасылкай на інфармаваную крыніцу паведаміла, што Марыя Калесьнікава не перасекла мяжу Ўкраіны, бо пры спробе гвалтоўна вывезьці яе з тэрыторыі Беларусі парвала свой пашпарт.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што выезд сяброў Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова ня быў добраахвотны: «Гэта было прымусовае выгнаньне з роднай краіны».
Дзяржаўны памежны камітэт, які пацьвердзіў затрыманьне, не паведаміў, на якіх падставах затрымалі Калесьнікаву.