Кантрольна-дысцыплінарны камітэт Беларускай фэдэрацыі футболу аштрафаваў клюб «Крумкачы» на 3375 рублёў за «невыкананьне патрабаваньняў» арганізацыі матчу 1/16 фіналу Кубку Беларусі супраць менскага «Дынама».
На разьмінку перад сустрэчай 1 верасьня гульцы выйшлі ў майках з надпісам «Мы супраць гвалту» і ўпэўнена перамаглі супернікаў зь лікам 2:0. Іх пакаралі за няправільную форму і затрымку матчу. Пункт 1 артыкула 82 Дысцыплінарнага кодэксу прадугледжвае, што затрымка часу пачатку матчу па віне каманды караецца штрафам у памеры ад 50 да 100 базавых велічынь.
Такім чынам футбалісты падтрымалі сваіх калегаў па камандзе Сяргея Казеку і Паўла Расольку, якіх затрымалі 30 жніўня падчас шматтысячнага маршу за перамены ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальную справу супраць футбалістаў «Крумкачоў» спыніліСпартоўцы вярталіся з трэніроўкі, іх схапілі і зьбілі. Казеку шпіталізавалі, бо сілавікі пашкодзілі яму хрыбетнік і нырку. Абодвум інкрымінавалі «напад на службовы транспарт» міліцыі.
Ад крымінальнай справы іх уратаваў толькі перагляд відэазапісаў, зь якіх бачна, што да ніяк не абазначанага мікрааўтобуса яны нават не набліжаліся.