«Была пацярпелай, стала злачынкай». Яшчэ адну моцна траўмаваную 9 жніўня дзяўчыну адправілі на Акрэсьціна

Ілюстрацыйнае фота

Стала вядома яшчэ пра адну пацярпелую 9 жніўня, якую адвезьлі на допыт у Сьледчы камітэт і больш ня выпусьцілі. 7 верасьня Свабода паведаміла пра былую пацыентку вайсковага шпіталя Марыю, якую забралі на допыт у СК, а пасьля зьмясьцілі на Акрэсьціна. Дома ў Марыі правялі ператрус. Празь дзень стала вядома яшчэ пра адзін такі ж выпадак. Насьця Дудзіна вучыцца ў адной зь менскіх ВНУ, пра яе затрыманьне Свабодзе расказалі Насьціны сяброўкі і ейная маці Ніна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вобшук у дзяўчыны, якая моцна пацярпела падчас разгону 9 жніўня

«9 жніўня ўначы мая дачка вярталася дадому з цэнтру, мы жывём у Масюкоўшчыне, — расказвае Ніна. — Яна была зь сяброўкамі, спускаліся мостам разам з групай людзей, недалёка ад Кальварыйскай. Пад’ехалі аўтазакі, адтуль выбеглі сілавікі. Пачалі кідаць гранаты. Хто быў бліжэй да „Кароны“, той змог уцячы. Насьця не змагла, граната выбухнула побач зь ёй. Аскепкі нагу пашкодзілі. Дачка ў лінзах была, вочы пачалі сьлязіцца, яна перастала бачыць. Амапавец яе нагой у сьпіну штурхаў, загадаў ляжаць. Пасьля неяк схапіў за шкірку, аблаяў і выштурхнуў. У Насьці нага была ў крыві, людзі дапамаглі ёй зьехаць. Пасьля мы выклікалі „хуткую“, дачку адвезьлі ў вайсковы шпіталь».

Па словах маці пацярпелай, у шпіталь да Насьці Дудзінай прыходзіў сьледчы, апытваў пра здарэньне. Насьця на той момант яшчэ не зусім ачулася пасьля наркозу і амаль ня памятае зьместу размоваў. У вайсковым шпіталі яна правяла тры дні, амаль месяц дзяўчыну праваахоўнікі не турбавалі. Раніцай 7 верасьня прыехалі дадому забраць на допыт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА


«А 7-й раніцы прыехалі, — працягвае маці затрыманай. — Сьледчы і яшчэ два чалавекі, усе ў цывільным. Сказалі, што яна як сьведка павінна прыехаць на Першамайскую, 7, ва ўпраўленьне СК Менску. Маўляў, зь ёй хочуць пагаварыць. Дачка паехала. Празь нейкі час перазваніла, сказала, што тэлефон забіраюць на месяц. Патрэбна нейкая праверка. Пасьля пасьпела напісаць, што ў нас дома будзе ператрус, і ўсё. Больш Насьця не адказвала. У 13:30 прыехалі сьледчыя, запрасілі панятых, правялі ператрус. Забралі ў нас красоўкі Насьці, штаны, кофту. Вопратку, у якой яна была 9 жніўня. Пасьля гэтага Насьцю зьвезьлі, затым сьледчы пазваніў і сказаў, што дачку вязуць на Акрэсьціна ў ІЧУ. Можна перадаць перадачу».

Ад адваката родным вядома, што Насьцю Дудзіну затрымалі на 72 гадзіны. Яна праходзіць па артыкуле 293, частка 2 («удзел у масавых беспарадках»).

«Дачка проста ішла дадому, яна пацярпелая, — абураецца Ніна. — Я даведалася, што гэта ўжо ня першы выпадак, калі тых пацярпелых, хто быў у вайсковым шпіталі, забіраюць з дому і вязуць на Акрэсьціна. Дачка была пацярпелай і сьведкай, а цяпер ужо злачынца. Яшчэ будзе суд. Магчыма, суткі дадуць, магчыма, яшчэ нешта. Я ня ведаю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17-гадовы Цімур М. з допыту ў Сьледчым камітэце зноў трапіў у шпіталь. Пад канвоем