Прэм’ер Беларусі выпрабаваў на сабе расейскую вакцыну ад COVID-19

Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка прышчапіўся ад COVID-19, яго самаадчуваньне выдатнае, паведаміла агенцтву БелТА прэс-сакратарка кіраўніка ўраду Аляксандра Ісаева.

«Прэмʼер-міністар у чацьвер (3 верасьня. — РС) прышчапіўся ад COVID-19. Адчувае сябе выдатна. Быў на працы і ў пятніцу, і ў суботу, і сёньня, усё добра», — сказала Аляксандра Ісаева.

Пра намер Рамана Галоўчанкі выпрабаваць на сабе расейскую вакцыну ад COVID-19 стала вядома 3 верасьня. «Я рады, што Раман Аляксандравіч Галоўчанка прыняў рашэньне зрабіць вакцынаваньне. Упэўнены, што ўсё будзе добра», — заявіў старшыня ўраду Расеі Міхаіл Мішусьцін падчас перамоваў у Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з аўтараў расейскай вакцыны супраць COVID-19 расказаў пра ступень яе гатоўнасьці. Усё ня так проста

24 жніўня Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка дамовіліся выпрабаваць расейскую вакцыну ад каранавірусу на беларусах. Грамадзяне Беларусі ў добраахвотным парадку маюць прыняць удзел у трэцяй фазе выпрабаваньняў прэпарату.

Вакцыну распрацавалі Міністэрства абароны РФ і Нацыянальны дасьледчы цэнтар эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі. Вакцыну стварылі за 5 месяцаў, яна атрымала гандлёвую назву «Спадарожнік V». Цяпер вакцына праходзіць клінічныя выпрабаваньні, нягледзячы на тое, што ўжо зарэгістраваная. Міністэрства аховы здароўя Расеі паведамляе, што яе выпрабавалі на грызунах і прыматах, а пасьля на дзьвюх групах добраахвотнікаў (па 38 чалавек у кожнай). Вакцына ня ўтрымлівае кампанэнтаў жывога вірусу COVID-19.