Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім вярнуўся ў Менск пасля кансультацый у Міністэрстве замежных спраў Украіны.
Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў пасольстве Украіны ў Менску.
На пытаньне Радыё Свабода, як будуць надалей будавацца адносіны паміж Кіевам і Менскам, Ігар Кізім адказаў:
«Як ужо адзначыў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба, афіцыйныя кантакты паміж нашымі краінамі цяпер „прыпыненыя“. У той жа час далейшае разьвіцьцё ўкраінска-беларускіх адносін будзе залежаць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ад разьвіцьця сытуацыі непасрэдна ў Беларусі, а таксама ад інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі».
17 жніўня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба паведаміў, што ўпершыню ў гісторыі Міністэрства замежных спраў Украіны адклікала свайго амбасадара ў Беларусі ў Кіеў для кансультацый «адносна ацэнкі пэрспэктыў украінска-беларускіх адносін у новай рэальнасьці», выключна з прычыны недапушчальных дзеяньняў Менску.
Ён нагадаў, што Беларусь перадала ў Расею 32 з 33 затрыманых вагнэраўцаў, нягледзячы на тое, што «мела ўсе прававыя і маральныя падставы перадаць іх Украіне», і што Аляксандар Лукашэнка «неаднаразова і цалкам беспадстаўна абвінавачваў Украіну ў недружалюбных кроках супраць Беларусі».
У канцы жніўня Кулеба заявіў, што Ўкраіна замарозіла кантакты з афіцыйным Менскам. Паводле яго слоў, украінскі бок плянуе аднавіць адносіны, калі гэта перастане наносіць маральныя і рэпутацыйныя страты афіцыйнаму Кіеву.
Ён таксама паведаміў, што Ўкраіна далучылася да заявы Эўразьвязу па сытуацыі ў Беларусі. У заяве ад 11 жніўня ЭЗ папярэджвае аб «глыбокім пераглядзе» адносін зь Менскам і магчымасьці санкцый. Эўразьвяз заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі «не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі».
У МЗС Беларусі ў адказ заявілі, што Менск ня ставіў дыялёг з Украінай на «паўзу»:
«Гэта ня проста націск кнопкі на плэеры. Гэта канкрэтная шкода цесным шматгранным адносінам дзьвюх суседніх дзяржаў. Адказнасьць за магчымыя наступствы гэтага кроку цалкам ляжыць на ўкраінскім баку, а таксама, як мы бачым, на яго старэйшых партнэрах па зьнешняй палітыцы. Са свайго боку мы гатовыя працягваць супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях і ў той ступені, у якой гатовыя Ўкраіна і яе дружалюбны і братэрскі народ», — заявілі ў МЗС Беларусі.