У Берасьці на трое сутак затрымалі дзьвюх сясьцёр, якія хацелі пачаставаць марозівам міліцыянтаў

Берасьце, 10 жніўня. Фота binkl.by

У Берасьці дзьвюх сясьцёр затрымалі за тое, што яны вырашылі пачаставаць супрацоўнікаў міліцыі марозівам. Гэта адбылося 10 жніўня, а цяпер зь сёстрамі пагаварыла і напісала пра гэта «Брестская газета».

Лізавета і яе старэйшая сястра Кацярына ў той дзень адправіліся ў краму, каб купіць марозіва для ўсёй сям’і. Паводле іх словаў, на зваротным шляху яны ўбачылі аўтобус з 25–30 супрацоўнікамі міліцыі, што млелі ад сьпёкі, бяз шлемаў і балаклаваў. Дзяўчаты прапанавалі ім марозіва, у адказ іх пасадзілі ў аўтобус і павезьлі ў аддзяленьне міліцыі.

Паводле сясьцёр, у СІЗА яны прабылі ў жахлівых умовах да 13 жніўня. Акрамя пратаколу, падпісалі папярэджаньне, што пры паўторным затрыманьні ім будзе пагражаць крымінальная адказнасьць, а таксама позву ў суд з адкрытай датай (замест даты — прабел). Аднак на наступны дзень выпадкова даведаліся, што суд над імі ўжо адбыўся: адна атрымала папярэджаньне, другая — вялікі штраф.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

«Наша гісторыя шмат у каго з тых, хто яе чуў, канваіраў, сьледчых і судзьдзяў, выклікала ўсьмешку: ну што ж вы наіўныя такія, марозівам вырашылі пачаставаць? Я хачу ім сказаць: наіўныя тыя, хто думае, што жыцьцё беларусаў будзе ранейшым. А нам за наш учынак ня сорамна. Мы ішлі зь мірам і дабром, з адкрытай душой гэта рабілі, хацелі выказаць клопат. Наш давер да міліцыі растапталі адназначна. І хоць давер падарваны, хачу сказаць, што ў іх ёсьць час і шанец, каб пераацаніць падзеі, што адбываюцца, і зрабіць высновы», — кажа Лізавета.