Марыя і яе хлопец атрымалі цяжкія траўмы ад выкарыстаньня спэцсродкаў. Раніцай іх абаіх забралі ў Сьледчы камітэт.
Жыхарка Менску Марыя моцна пацярпела падчас разгону акцыі пратэсту ўвечары 9 жніўня каля стэлы. Побач зь ёй і яе хлопцам выбухнула сьвятлашумавая граната, яны былі аднымі зь першых параненых удзельнікаў мітынгу. У тую ж ноч Марыю зьмясьцілі ў Вайсковы шпіталь, дзе яна знаходзілася да канца жніўня.
Раніцай 7 верасьня дадому да пацярпелай прыйшлі сьледчыя.
«Зараз ідзе ператрус па месцы рэгістрацыі дачкі, — сказала Свабодзе маці Марыі Алена. — Яе выпісалі з Вайсковага шпіталя каля тыдня таму, а хлопец толькі ў мінулую пятніцу выйшаў. У яго вельмі жорсткія траўмы, сёньня трэба было ісьці на перавязку да лекара. А іх раніцай, а палове на восьмую, забралі ў СК.
Хлопец дагэтуль у сьледчым аддзеле, яго дапытваюць, а дачку дапыталі і праводзяць ператрус. Наколькі разумею, гэта справа аб масавых беспарадках, з дачкой зараз разам адвакат прысутнічае. Падрабязнасьці пакуль невядомыя».
Па словах жанчыны, і дачку, і яе хлопца ўжо дапытвалі падчас лячэньня ў Вайсковым шпіталі. Тады сьледчых цікавілі акалічнасьці атрыманьня траўмаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА