Каардынацыйная рада: «Улада замест спробы дыялёгу з грамадзтвам пачала выкарыстоўваць мэтады тэрору»

Марыя Калесьнікава прыехала падтрымаць журналістаў каля РУУС Кастрычніцкага раёну Менску. 2 верасьня 2020 года.

Каардынацыйная рада пасьля захопу невядомымі Марыі Калесьнікавай выступіла з заявай:

«Невядомыя людзі ў цэнтры Менску выкралі сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву, прэс-сакратара Антона Раднянкова, выканаўчага сакратара Івана Краўцова. Іх месцазнаходжаньне невядомае.

Пры гэтым органы, закліканыя ў нашай краіне абараняць парадак і законнасьць, да гэтага часу не далі інфармацыі пра месцазнаходжаньне нашых калег і адмаўляюць сваё дачыненьне.

У суботу была гвалтоўна вывезена з краіны сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

Раней было прад’яўлена абвінавачаньне сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай, пад адміністрацыйным арыштам знаходзіцца сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сяргей Дылеўскі.

Відавочна, што такія мэтады зьяўляюцца незаконнымі і ня могуць прывесьці ні да якага іншага выніку, акрамя абвастрэньня сытуацыі ў краіне, паглыбленьня крызісу і далейшага нарастаньня пратэстаў.

Мы бачым, што ў апошнія дні ўлада замест спробы дыялёгу з грамадзтвам пачала адкрыта выкарыстоўваць мэтады тэрору.

Каардынацыйная рада адзначае, што ўсе дзеяньні, учыненыя асобамі, якія выступаюць у афіцыйным статусе, спалучаныя з ужываньнем гвалту і накіраваныя на задушэньне палітычнай і грамадзкай актыўнасьці грамадзян, зьяўляюцца злачынствамі супраць чалавецтва і могуць быць расьсьледаваныя без абмежаваньня тэрмінаў даўнасьці.

Каардынацыйная рада патрабуе неадкладнага вызваленьня Марыі Калесьнікавай, Ліліі Ўласавай, Антона Раднянкова, Івана Краўцова, а таксама пацьверджаньня магчымасьці свабоднага вяртаньня Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі і Сьвятланы Ціханоўскай у краіну»,— адзначаецца ў заяве Каардынацыйнай рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыю Калесьнікаву невядомыя выкралі ў цэнтры Менску. Зьнікла сувязь з двума яе паплечнікамі