Сярод затрыманых пасьля ўчорашняга «Маршу адзінства» апынуўся распрацоўнік мабільных праграм Канстанцін Канопка, паведамляе dev.by.
Мяркуючы па фота, відэа і паведамленьнях у Facebook, айцішнікаў і яшчэ некалькіх удзельнікаў мітынгу груба затрымалі ў сталічнай кавярні O’Petit, якая стала ўчора «героем» навін.
Там спрабавалі схавацца ўдзельнікі акцыі пратэсту, якія ўцякалі ад сілавікоў пасьля заканчэньня «Маршу адзінства». Супрацоўнік кавярні замкнуў памяшканьне, але гэта не спыніла невядомых у масках.
Яны разьбілі ўваходныя дзьверы і затрымалі мітынгоўцаў, у тым ліку Канстанціна Канопку.
Канстанцін Канопка — аўтар некалькіх ініцыятыў, рэалізаваных падчас выбарчай кампаніі. У ліпені ён запісаў відэазварот да Лукашэнкі, прапанаваўшы таму вызваліць затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты, а самому зьняцца з выбараў. Таксама ён зьвяртаўся да дзяржаўных службоўцаў з просьбай адмовіцца ад удзелу ў супрацьзаконнай дзейнасьці.
Акрамя таго, падчас перадвыбарчай кампаніі Канстанцін распрацаваў спэцыяльную паштоўку, якую рассылаў чальцам выбаркамаў з патрабаваньнем не займацца фальсыфікацыямі пры падліку галасоў.