Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікава раніцай 7 верасьня каля Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезьлі ў невядомым кірунку.
Пра гэта Tut.by расказала чытачка Анастасія, на вачах якой усё і адбылося.
Па словах сьведкі, адбылося ўсё ў 10:05 каля Нацыянальнага мастацкага музэю. Анастасія ішла ад праспэкту Незалежнасьці ў бок музэю, пачула стук абцасаў, павярнулася і ўбачыла Марыю Калеснікаву.
«Я яе бачыла ўжывую да гэтага, таму я яе пазнала. Я яшчэ хацела падысьці да яе, пагаварыць, падзякаваць, а потым перадумала, вырашыла, што чалавек і так стамляецца. Я прайшла наперад, і ў нейкі момант яшчэ падумала, што пакажу Машы сэрцайка. Недалёка ад музэю я бачыла прыпаркаваны цёмны мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» на борце і ззаду была марка «Собаль». Я прайшла наперад і пачула гук, як на асфальт упаў тэлефон, нейкі тупат, павярнулася і ўбачыла, што людзі ў цывільным адзеньні і ў масках запіхваюць Марыю ў гэты мікрааўтобус, у яе адлятае тэлефон, адзін з гэтых людзей тэлефон падымае, скача ў аўтобус і яны зьязджаюць», — расказала Наста.
Прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў у 10.13 сказаў, што Марыя адна была ў цэнтры гораду ў сваіх справах. Пра яе знікненьне ён даведаўся ад Tut.by і стаў высьвятляць, дзе знаходзіцца Марыя. Аб 11 гадзіне тэлефон самога Раднянкова стаў недаступны.
«Дзе знаходзяцца Марыя і Антон, ня ведаю і не магу зьвязацца зь імі. Таксама няма сувязі зь сябрам Каардынацыйнай рады, старшым віцэ-прэзыдэнтам EPAM Максімам Баграцовым і выканаўчым сакратаром рады Іванам Краўцовым», — сказаў Tut.by сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава ўзяла ўдзел у Маршы адзінства ў Менску, зноў падыходзіла да кардону сілавікоўСтудэнцкая ініцыятыўная група пазьней паведаміла пра затрыманьне сябра Каардынацыйнай рады Івана Краўцова.
У акаунце Максіма Баграцова ў Фэйсбуку пасьля 12-й зьявіўся допіс: «Я пакуль на сувязі. Дзякуй усім за хваляваньне».
«Мы цяпер шукаем Калесьнікаву і іншых затрыманых сябраў рады ўсімі магчымымі сродкамі, пакуль нічога дадаць ня можам»,-- сказаў Свабодзе Максім Знак.
Тэлефон Марыі Калесьнікавай пакуль дасяжны, але трубку яна не падымае.
Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава заявіла Свабодзе, што пакуль не камэнтуе гэтай інфармацыі.
У 12.18 Чамаданава заявіла: «Мы такой інфармацыяй аб затрыманьні Калесьнікавай не валодаем».
У Камітэце дзяржкантролю сказалі, што інфармацыі пра затрыманьне сябраў Каардынацыйнай рады ў іх няма.
Аляксандар Лукашэнка сёньня прыняў з дакладам кіраўніка Сьледчага камітэту Івана Наскевіча.
Увечары афіцыйны Тэлеграм-канал зьняволенага палітыка Віктара Бабарыкі паведаміў, што сваякі Марыі Калесьнікавай падалі заяву ў міліцыю па факце зьнікненьня. У міліцыі сказалі, што заява прынята і Марыю шукаюць.
Дапаўняецца.