У Менску каля Камсамольскага возера спынілася блізу дзясятка аўтазакаў. Адтуль выскачылі байцы ўнутраных войскаў і пачалі хапаць удзельнікаў Маршу адзінства, якія вярталіся ад Палаца Незалежнасьці.
Як бачна на відэа, затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек, якія спрабавалі схавацца ў парку Перамогі.
Каб ня трапіць у рукі сілавікоў, некаторыя скакалі ў ваду, паведамляюць чытачы Nexta. Ратавальнікі выцягвалі людзей і чоўнамі перавозілі на другі бераг, каб іх не затрымалі.
Затрыманьні заўважаныя ў раёне праспэкта Пераможцаў, у парку Перамогі, на вуліцы Няміга, на плошчы Свабоды. Іх ажыцьцяўляюць людзі ў цывільным, але ў бронекамізэльках і з дубінкамі. Гэта адбываецца з ужываньнем грубай сілы і часта — у прысутнасьці работнікаў міліцыі ў форме, якія ня ўмешваюцца.