Падчас разгону калёны дэманстрантаў на вуліцы Чабатарова ў Менску затрымалі журналіста «Радыё Рацыя» Арцёма Сізінцава, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Ён пасьпеў сказаць праз тэлефон, што разам зь іншымі пратэстоўцамі знаходзіцца ў аўтазаку і іх вязуць у міліцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні тысяч удзельнікаў «Маршаў адзінства» і сотні затрыманых. Што адбываецца на 29-ты дзень пратэстаўСілавікі загрузілі пратэстоўцаў у чатыры аўтазакі і аўтобус, пасьля чаго пакінулі месца разгону дэманстрантаў. Пратэстоўцы крычалі ім «Фашысты!», «Ганьба!», «Сыходзь!», паведамляе БелаПАН.
На месца разгону выклікалі мэдыкаў, якія аказалі дапамогу мінімум чатыром удзельніцам акцыі пратэсту. Адну з пацярпелых перадалі мэдыкам супрацоўнікі АМАП. На хуткай зь мігалкамі адну зь дзяўчат павезьлі ў бальніцу.
У падтрымку пратэстоўцаў выйшлі жыхары найбліжэйшых дамоў.
Раней некалькі сотняў чалавек ішлі па Партызанскім праспэкце. У раёне мотавелазаводу іх спынілі сілавікі ў форме і са шчытамі. Дэманстранты павярнуліся, пайшлі назад, затым павярнулі на вуліцу Алега Кашавога і накіраваліся да станцыі мэтро «Трактарны завод».
Каля 14-й гадзіны сілавікі адціснулі іх на вуліцу Чабатарова. Частку людзей заціснулі ў кальцо, астатнія разьбегліся па дварах. Пасьля гэтага пачаліся затрыманьні.