У сьвеце зарэгістравалі рэкордны прырост колькасьці заражэньняў каранавірусам

У сьвеце адзначылі рэкордны сутачны прырост колькасьці дыягнаставаных выпадкаў заражэньня каранавірусам SARS-Cov-2, паведамляе Deutsche Welle, прыводзячы зьвесткі Ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза, які вядзе ўсясьветную статыстыку захворваньняў на COVID-19.

За апошнія 24 гадзіны выявілі 304 626 інфікаваных. Папярэдні рэкорд быў адзначаны 14 жніўня, калі за суткі прырост склаў 304 351 заражаных.

Пры гэтым колькасьць зафіксаваных за суткі сьмяротных выпадкаў скарацілася амаль удвая. Калі 14 жніўня памерлі 10 135 хворых, то за мінулыя 24 гадзіны ў сьвеце памерлі 5637 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чэрвені памерлі амаль на 4000 чалавек болей, чым летась. Белстат утаіў гэтыя лічбы ад беларусаў

З пачатку пандэміі заражэньне каранавірусам SARS-Cov-2 дыягнаставалі ў 26 882 530 чалавек, 879 580 чалавек памерлі ад захворваньня на COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лячэбных установах Беларусі правядуць дасьледаваньні расейскай вакцыны ад каранавірусу

Больш за ўсё заражаных і сьмяротных выпадкаў у ЗША: 6,2 млн заражаных, 188 тысяч памерлі. На другім месцы Бразылія: 4,1 млн выпадкаў заражэньня, памерлі 126 тысяч чалавек. Далей — Індыя: больш за 4 млн заражэньняў, 70 тысяч сьмерцяў.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на дзень 6 верасьня, заразіліся каранавірусам 72 663 чалавекі, памерлі 705. Аднак пры гэтым сёлета ў чэрвені памерлі амаль на 4000 чалавек болей, чым у чэрвені 2019 году. Белстат утаіў гэтыя лічбы ад беларусаў, але перадаў іх у ААН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ