У аэрапорце ў Базэлі, Швайцарыя, ужо тыдзень часу знаходзіцца самалёт Gulfstream G550, які выкарыстоўваецца кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам «у якасьці Air Force One» і ягоным сынам Віктарам Лукашэнкам як «бізнэс-самалёт», паведамляе швайцарскае выданьне Tages-Anzeiger.
Самалёт, паводле карэспандэнта выданьня Бэрнгарда Одэнала, вылецеў зь Менску 30 жніўня неўзабаве пасьля 13-й гадзіны і прызямліўся ў Базэлі празь дзьве гадзіны.
Міністэрства замежных справаў Швайцарыі сказала Tages-Anzeiger, што ня ведае, ці самалётам прыляцеў нехта зь сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ананімнай крыніцы, «якая добра ведае аэрапорт Базэлю», самалёт прыляцеў на тэхнічнае абслугоўваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шукаюць грошы на новы самалёт. Прэс-сакратар Лукашэнкі пра ягоны авіяпаркАднак выданьне сумняваецца, што Gulfstream G550, коштам каля 60 мільёнаў даляраў, які быў пабудаваны ў ЗША вясной 2019 году і прададзены Беларусі восеньню таго самага году, патрабуе тэхнічнага абслугоўваньня.
«Капітальныя працы па тэхнічным абслугоўваньні не павінны быць неабходныя для такога маладога самалёта. А калі так, то чаму ў Швайцарыі? У аэрапорце Базэлю ёсьць кампаніі, якія спэцыялізуюцца ня толькі на рамонце, але і на шыкоўным абсталяваньні прыватных самалётаў», — піша Tages-Anzeiger.