«Надзелі капюшон, далі маску і паклалі на задняе сядзеньне». Кавалькова расказала, як яе вывозілі зь Беларусі

Вольга Кавалькова

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова ўначы перайшла беларуска-польскую мяжу, цяпер яна ў Варшаве. У другой палове дня на прэс-канфэрэнцыі ў польскай сталіцы яна расказала, як яе вывозілі зь Беларусі.

«Калі я знаходзілася за кратамі, то да мяне прыйшлі прадстаўнікі ўлады і сказалі, што калі я ня выеду, калі застануся ў краіне, то я вельмі доўга ня выйду з турмы. Яны прыехалі да мяне ў ізалятар, пасадзілі ў сваю машыну, надзелі капюшон, далі маску, паклалі на задняе сядзеньне і вывезьлі з ізалятара».

Паводле Вольгі Кавальковай, яе давезьлі да памежнага пераходу ў Брузгах каля Горадні, там яна праходзіла пашпартны кантроль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Кавалькову і Дылеўскага асудзілі яшчэ на 15 дзён арышту кожнага

«Яны (прадстаўнікі ўлады. — РС) перавезьлі мае рэчы празь мяжу і на нэўтральнай тэрыторыі прапанавалі мне выклікаць таксоўку. Але ехаў аўтобус на Варшаву, і польскія памежнікі папрасілі польскага кіроўцу, каб ён мяне падвёз».

Далей, па словах Кавальковай, ёй удалося скантактавацца з амбасадарам Польшчы ў Менску Артурам Міхальскім, які і паспрыяў яе даезду да Варшавы.

На прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве разам з Кавальковай выступаў старшыня канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.