У Менску студэнцкая акцыя пратэсту пачалася з затрыманьняў

Акцыя студэнтаў і выкладчыкаў каля Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Фотарэпартаж

Несанкцыянаваная акцыя пратэсту студэнтаў у Менску пачалася з затрыманьняў, паведамляе Tut.by.

Паводле парталу, да паўдня студэнты менскіх унівэрсытэтаў сталі падыходзіць да кінатэатру «Кастрычнік» на праспэкце Незалежнасці. Яны сталі невялікімі групамі па некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.

«А 12:05 там ужо пачалі затрымліваць. Людзі ў цывільным і ў масках затрымалі прынамсі двух хлопцаў і адвялі іх у мікрааўтобус без нумароў», — паведамляе Tut.by.

На вуліцы Карла Маркса затрымалі звыш 15 чалавек, якія ішлі ў студэнцкім маршы, піша Onliner.by: «Забіралі ўсіх хлопцаў»

Напярэдадні ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце АМАП затрымаў некалькіх студэнтаў, якія сярод іншых да таго сьпявалі ў холе ВНУ «Марсэльезу». Празь некалькі гадзін затрыманых выпусьцілі.

У суботу міністар адукацыі Ігар Карпенка распарадзіўся ўзмацніць кантроль за доступам староньніх асобаў у навучальныя ўстановы.

У Беларусі з 9 жніўня ідуць масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзыдэнта, на якіх пераможцам абвешчаны Аляксандар Лукашэнка.