Рэктар Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ) Натальля Баранава пракамэнтавала сёньняшнія затрыманьні студэнтаў у адмысловым відэазвароце.
Пасьля таго, як студэнты прасьпявалі ў фае ўнівэрсытэту гімн Францускай Рэспублікі «Марсэльезу», у якім ёсьць словы пра змаганьне з тыраніяй, у будынак заскочылі сілавікі і жорстка затрымалі пяць студэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лінгвістычным унівэрсытэце студэнтаў затрымалі пасьля выкананьня «Марсэльезы». Адміністрацыя: гэта ня мы выклікалі сілавікоўПрадстаўнікі службы бясьпекі ўнівэрсытэту паведамілі ў жывым эфіры «Эўрарадыё», што ў будынак заскочылі 20–25 чалавек, «максымум 10 чалавек былі ў форме АМАП, астатнія ў цывільным, але ў балаклавах». Яны назвалі інцыдэнт «беззаконьнем». Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава ў камэнтары Tut. by заявіла, што студэнтаў затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, не АМАП.
У відэазвароце Натальля Баранава назвала інцыдэнт «беспрэцэдэнтнай падзеяй», запэўніўшы, што адміністрацыя ўстановы ня ведала пра прыбыцьцё супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх дзеяньняў.
Падчас сустрэчы са студэнтамі, выкладчыкамі і бацькамі пасьля затрыманьняў з залі гучалі абвінавачаньні, што гэта адміністрацыя ўстановы выклікала сілавікоў.
Са спасылкай на МУС рэктарка МДЛУ назвала прычынай затрыманьняў «несанкцыянаваную акцыю ў сьценах унівэрсытэта».
«Студэнты плянавалі сьпяваць песьні ў фае ўнівэрсытэту. Для дыялёгу зь імі былі накіраваныя дэканы факультэтаў. Падчас выкананьня песень мерапрыемства набыло палітызаваны характар. Прагучалі лёзунгі, зьявілася недзяржаўная сымболіка. А далей адбылося тое, што адбылося», — сказала Баранава.
Зьвяртаючыся да студэнтаў і выкладчыкаў, Баранава заявіла пра «недапушчальнасьць арганізацыі і правядзеньня ва ўнівэрсытэце несанкцыянаваных мерапрыемстваў».
Паводле яе, рэктарат прымае захады «па ўзмацненьні прапускнога рэжыму ва ўнівэрсытэце і па недапушчэньні падобнага ў будучыні».
Дэкан перакладчыцкага факультэта МДЛУ Аляксандар Паніматка паведаміў Свабодзе, што ён асабіста разам з прарэктарам па вучэбна-выхаваўчай працы Ўладзімерам Пашкевічам езьдзілі ў Партызанскае РУУС Менска і прывезьлі пяцёра затрыманых раней студэнтаў ва ўнівэрсытэт.
На ўсіх склалі пратаколы за «несанкцыянаванае мерапрыемства» (арт. 23.34 КаАП РБ).