UPD. Пасьля 21-й гадзіны Ларыса Шчыракова знайшлася, цяпер яна дома. Ёй далі штраф 135 рублёў нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 30 жніўня.
У Гомлі пад вечар 4 верасьня зьнікла журналістка Ларыса Шчыракова. Трэцяга верасьня яе пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня — зь невядомай прычыны.
4 верасьня ў Гомлі меў быць суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай, якую затрымала міліцыя. Трэцяга верасьня Шчыракова зьнікла, і пад вечар калегі даведаліся, што зь невядомай прычыны яна ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Шчыракова адна выхоўвае 13-гадовага сына.
Сёньня ў судзе Гомельскага раёну меў адбыцца суд. Стала вядома, што Шчыракову абвінавачваюць паводле артыкулу за «несанкцыянаванае мерапрыемства». Калегі і сябры да 16.00 стаялі ў судзе, каб дачакацца паседжаньня.
А 16-й гадзіне памочніца старшыні суду абвясьціла, што паседжаньне будзе выязное, у будынку аддзелу ўнутраных справаў Гомельскага раёну. Сябры і калегі Шчыраковай паехалі туды. У будынак нікога не пусьцілі. Міліцыянт заявіў, што журналістка тут і яе неўзабаве будуць судзіць. Але каля 18.00 міліцыянт выйшаў і заявіў, што ня ведае, дзе Шчыракова, і што цяпер яе у аддзеле няма. Дзе яна — невядома. Ад маці журналісткі стала вядома, што няма і яе аўтамабіля, а дома сядзіць замкнуты яе сабака — ключоў ад жытла няма ні ў кога, апроч журналісткі.
Паводле адміністрацыйнага заканадаўства маці, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, не падлягаюць адміністрацыйнаму арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі зьнікла журналістка. Калегі знайшлі яе ў ізалятары