Сёньня кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі на апошніх выбарах Сьвятлана Ціханоўская празь відэасувязь выступіла з дакладам на сустрэчы Рады Бясьпекі ААН. Сустрэча была ініцыяваная Эстоніяй і арганізаваная сябрамі Рады Бясьпекі з ЗША і Вялікай Брытаніі, а таксама Канады, Даніі, Ісьляндыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі і Ўкраіны. Падаём поўны тэкст прамовы.
«Дзякую, спадар старшыня,
Сёньня мая краіна, Беларусь, ахопленая хваляваньнямі. Мірных пратэстоўцаў незаконна затрымліваюць, зьбіваюць і саджаюць у турму. Самі пратэсты пачаліся пасьля цынічнай і грубай спробы Лукашэнкі скрасьці галасы людзей.
Патрабаваньні народу простыя: неадкладнае спыненьне гвалту і пагрозаў з боку рэжыму, неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў і свабодныя і справядлівыя выбары.
Ёсьць толькі адна перашкода для выкананьня гэтых патрабаваньняў. Гэтая перашкода — гэта спадар Лукашэнка, чалавек, які адчайна чапляецца за ўладу і адмаўляецца слухаць свой народ і ўласных дзяржаўных чыноўнікаў.
Народ ня можа і не павінен быць закладнікам прагі да ўлады аднаго чалавека. І ня будзе.
Беларусы прачнуліся. Пункт невяртаньня пройдзены. Гэта выяўляецца ў цяпер ужо штодзённых дэманстрацыях соцень тысяч людзей па ўсёй Беларусі, нягледзячы на жорсткасьць міліцыі і непрыхаваную непавагу да беларускіх законаў і міжнародных нормаў. Гэта выяўляецца ў страйках найбуйнейшых заводаў і дзяржаўных кампаній у Беларусі, нягледзячы на запалохваньні, а ў некаторых выпадках незаконныя звальненьні. Гэта выяўляецца ва ўсіх пластах нашага грамадзтва ўсяго палітычнага спэктру, якія патрабуюць адну і тую самую рэч. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі маральна збанкрутаваны, юрыдычна сумнеўны і проста недапушчальны ў вачах нашага народу.
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была створаная як афіцыйны орган усёй міжнароднай супольнасьці з мэтай спрыяньня і заахвочваньня павагі да правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх. У 1945 годзе Беларусь была адной з заснавальніц ААН. Цяпер нам, беларускаму народу, патрэбная дапамога Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб спыніць грубыя парушэньні правоў чалавека і цынічную непавагу да чалавечай годнасьці ў цэнтры Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра шанец Лукашэнкі, кабінэт Ярмошынай, страхі сілавікоў і расейскі рэзэрв. Інтэрвію Свабодзе- Мы просім Арганізацыю Аб’яднаных Нацый асудзіць ужываньне празьмернай сілы беларускімі спэцслужбамі супраць пратэстоўцаў;
- мы прапануем склікаць спэцыяльную сэсію Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека для абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
- мы заклікаем ААН накіраваць у Беларусь неадкладную міжнародную маніторынгавую місію для дакумэнтаваньня сытуацыі на месцах;
- мы патрабуем дазволу на ўезд і свабоднае перамяшчэньне спэцыяльнаму дакладчыку ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
- мы патрабуем неадкладнага вызваленьня ўсіх адвольна затрыманых палітзьняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Паўла Севярынца, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Міколы Статкевіча і дзясяткаў іншых арыштаваных лідэраў грамадзянскай супольнасьці;
- мы патрабуем спыніць запалохваньне і цкаваньне сяброў Каардынацыйнай рады Сьвятланы Алексіевіч, Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі, Сяргея Дылеўскага, Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака і іншых.
Хачу з усёй яснасьцю заявіць. Супрацоўніцтва з рэжымам спадара Лукашэнкі ў гэты момант азначае падтрымку гвалту і грубага парушэньня правоў чалавека. Я заклікаю міжнародную супольнасьць выкарыстаць усе мэханізмы для спыненьня гвалту, у тым ліку санкцыі супраць асоб, якія ўчынілі парушэньні на выбарах і злачынствы супраць чалавечнасьці.
Разам з тым падкрэсьліваю, што Лукашэнка больш не прадстаўляе Беларусь. Беларусы — гэта законапаслухмяныя, мірныя і адказныя людзі з высокім пачуцьцём асабістай і калектыўнай годнасьці, яны дэманструюць гэта кожны дзень, кожны момант за апошнія тыдні. Мы гатовыя і адкрытыя для дыялёгу з усімі бакамі і ўсімі краінамі, якія паважаюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласьць Беларусі.
Дзякуй!»