Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны 4 верасьня пачалося з акцыі дэпутатаў у падтрымку грамадзян Беларусі, якія выйшлі на пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту над удзельнікамі акцыяў.
У флэшмобе ўдзельнічалі дэпутаты амаль усіх фракцыяў парлямэнту, за выключэньнем «Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё» (яе аснова — партыя на чале з кумам расейскага прэзыдэнта Віктарам Медзьведчуком), дэпутаты якой прынесьлі ў залю афіцыйны дзяржаўны сьцяг Беларусі.
Дэпутаты, якія выйшлі да трыбуны, трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і выгукалі «Жыве Беларусь!». Адзін зь іх, пазафракцыйны дэпутат Ігар Гузь, зьвярнуўся да беларусаў на беларускай мове:
«Шаноўныя спадары! У гэты час барацьбы за вашу свабоду ўкраінцы — з вамі на вуліцах Менску, Берасьця, Горадні і Магілёва. Мы з вамі, браты і сёстры ў Беларусі, у барацьбе за волю, незалежнасьць, свабоду і эўрапейскі выбар беларускага народу. Без свабоднай Беларусі ня будзе вольнай Украіны. Жыве Беларусь!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскім парлямэнце ў закрытым рэжыме вырашалі, якой будзе пазыцыя Ўкраіны да падзей у Беларусі
Кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь», дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка перакананы, што беларусы змагаюцца ня толькі за дэмакратыю, а і за існаваньне незалежнай краіны.
«Дыктатар Лукашэнка „зьлівае“ Беларусь Пуціну. Гэтага нельга дапусьціць. Разбурыце турмы муры!». Прадстаўніца фракцыі «Слуга народу» Лізавета Ясько заявіла: «Калі мой сусед, беларускі народ, выходзіць на вуліцу абараняць свабоду, то я перад сваімі вачыма бачу Міхася Жызьнеўскага, беларуса, які загінуў на Майдане, абараняючы ўкраінскую свабоду, я бачу Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў у Менску, абараняючы беларускую свабоду. Свабода, чалавечая годнасьць і правы чалавека ня маюць межаў і палітычнай прыналежнасьці. Таму незалежна ад нашай партыйнай прыналежнасьці мы мусім стаяць разам зь беларускім народам, абараняючы свабоду. Жыве Беларусь!».
Дэпутатка фракцыя «Голас» Саламія Баброўская падтрымала сваіх калег, заявіўшы, што ў Беларусі павінны адбыцца новыя выбары.
Дэпутат фракцыі «Бацькаўшчына» Сяргей Собалеў заявіў:
«Ня можа быць сытуацыі, калі ў цэнтры Эўропы ёсьць краіна, у якой не прызнаныя выбары і застаецца рэжым, які размаўляе з сваімі грамадзянамі шляхам гвалту і ганьбы. Жыве Беларусь!».
Пасьля выступаў дэпутаты ўсе разам пачалі выгукаць «Жыве Беларусь!», але старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітро Разумкоў загадаў дэпутатам тэрмінова прыбраць бел-чырвона-белыя сьцягі з парлямэнцкай трыбуны і сэсійнай залі:
«Давайце, каб у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ў першую чаргу быў украінскі сьцяг! Ёсьць жаданьне — павесьце менавіта яго!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На слова адкажам словам, на дзеяньне — дзеяньнем». Кіеў расказаў аб сваёй стратэгіі стаўленьня да Беларусі