Маёр юстыцыі звольнілася зь Сьледчага камітэту праз «актыўную грамадзянскую пазыцыю»

Будынак менскага гарадзкога ўпраўленьня Сьледчага камітэту

Маёр юстыцыі Вольга Варчэня звольнілася праз «актыўную грамадзянскую пазыцыю» зь менскага гарадзкога ўпраўленьня Сьледчага камітэту. Рапарт на звальненьне за 18 жніўня Варчэня апублікавала ў сваім інстаграме.

«Колькі людзей, столькі думак. Хтосьці сказаў, што дарма, хтосьці — ганаруся, а хтосьці — збаялася. Найважнейшае: я ведаю, што для сябе зрабіла правільны і асэнсаваны выбар. Дзякуй усім, хто падтрымаў», — напісала Варчэня пад фота рапарту і службовага пасьведчаньня.

Варчэня адмовілася камэнтаваць сваё звальненьне Свабодзе. Паводле інфармацыі Tut.by, 5-гадовы кантракт зь ёю падпісалі ў 2019 годзе. Праз звальненьне яна мусіць сплаціць цалкам грошы, якія атрымоўваюць сілавікі пры заключэньні кантракту.

Раней звольніліся двое сьледчых Першамайскага раённага аддзяленьня СК па Менску, а таксама сьледчы ў Полацку. Свае рашэньні яны тлумачылі нязгодаю з пазыцыяй ведамства што да грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, у прыватнасьці да гвалту сілавікоў падчас і пасьля разгону акцыяў пратэсту.

У СК паступіла больш за 600 заяваў ад пацярпелых ад гвалту сілавікоў, аднак прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч 31 жніўня ня меў інфармацыі пра крымінальныя справы, якія завялі супраць сілавікоў. Старшыня СК Іван Наскевіч сытуацыю не камэнтаваў.