Тэлевядоўцу дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Дзьмітрыя Кахно 3 верасьня асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Судовы працэс над Дзьмітрыем Кахно прайшоў у Першамайскім райсудзе Менску. Судзіў яго па відэасувязі судьдзя Максім Трусевіч.
Дзьмітры Кахно адразу хадайнічаў аб зьмякчэньні яму меры стрыманьня ў сувязі з тым, што у яго 2-хгадовы сын і цяжарная жонка.
Кахно судзілі за тое, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці 23 жніўня па праспэкце Незалежнасьці, трымаў на плячах бел-чырвона-белы сьцяг, выкрыкваў «Вядоўцы з народам». У якасьці доказу судзьдзя паказаў Кахно здымак з шэсьця ў Інстаграм.
«Бачна вам?» — перапытаў судзьдзя. «Так, бачна. Толькі ня бачу колькасьці лайкаў» — адказаў Дзьмітры Кахно.
Кахно распавёў, як яго затрымлівалі 1 верасьня: некалькі чалавек са зброяй да яго падбеглі ў двары дома, паклалі на дарогу, потым у мікрааўтобусе «як злачынцу, паставілі на калені».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлевядоўцу Кахно затрымлівала ўзброеная група захопу. Ён і Дудзінскі правялі ноч у ізалятарыВіну Дзьмітры Кахно прызнаў цалкам. Сказаў, што ўдзельнічаў у шэсьці з мэтай «выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю». Прызнаў, што на плячах у яго быў бел-чырвона-белы сьцяг.
Кахно судзілі ў кабінэце судзьдзі, не ў судовай залі. Сакратар суду сказала, што вольных заляў няма. У кабінэт упусьцілі толькі жонку і маці Кахно, а таксама 5 журналістаў.
Адвакат Антон Гашынскі даводзіў суду, што Дзьмітры Кахно «сацыяльна не небясьпечны». Адвакат мяркуе, што выходзячы на шэсьце, Кахно рэалізаваў сваё канстытуцыйнае права на выказваньне меркаваньняў.
Суд вырашыў, што віна Кахно даказаная.
Дзьмітры Кахно зьвязвае сваё затрыманьне з пратэстам, які ён выказаў 2 месяцы таму пасьля затрыманьняў каля крамы Symbal.by, пасьля чаго звольніўся з працы.
Жонка Дзьмітрыя Кахно сказала, што спадзявалася на больш мяккі прысуд. Яна на апошнім месяцы цяжарнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлевядоўцу Дзянісу Дудзінскаму прысудзілі 10 дзён арыштуТэлевядоўцу Дзянісу Дудзінскаму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, таксама за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Дудзінскага судзілі без адвакатаў. Пра гэта паведамілі ягоныя абаронцы. Таксама нікому не паведамілі, што працэс адбудзецца ў судзе Першамайскага раёну. Раней жонцы Дудзінскага казалі, што ягоную справу будуць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёну, дзе яго чакалі адвакаты, жонка і сябры.
Тэлевядоўцаў Дзьмітрыя Кахно і Дзяніса Дудзінскага, якія страцілі эфір на дзяржаўнай тэлевізіі пасьля таго, як выказаліся супраць гвалту сілавікоў над мірнымі людзьмі, затрымалі 2 верасьня.
Надзея Кахно апублікавала відэа затрыманьня ейнага мужа. Па яго прыехала ўзброеная група захопу. «Вось як гэта было: з крыкамі „тварам у падлогу“ і далей паводле сцэнару», — напісала яна.
Дзьмітры Кахно і Дзяніс Дудзінскі выказаліся супраць гвалту сілавікоў пасьля таго, як у чэрвені АМАП разагнаў людзей, якія стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by.
«У краіне адбываюцца жахлівыя рэчы», — напісаў Дзьмітры Кахно.
«Гэй, вялікі і жахлівы АМАП, нельга біць дубінкамі людзей, якія прыйшлі купіць адзеньне ці кубачак», — напісаў Дзяніс Дудзінскі. Абодва пасьля гэтых выказваньняў страцілі эфір на дзяржаўнай тэлевізіі.
На першым канале БТ Дудзінскі вёў праграму «Добрай раніцы, Беларусь». Кахно вёў шоў «Удача ў прыдачу» на канале АНТ.