Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разьлічвае канчаткова вырашыць «балючыя і адчувальныя» пытаньні двухбаковых адносінаў.
«Канчаткова расставім усе кропкі над „i“ у тых пытаньнях, якія найбольш адчувальныя і балючыя для дзьвюх дзяржаў», — заявіў ён на перамовах з кіраўніком ураду Расеі Міхаілам Мішусьціным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль: Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца ў Маскве ў наступныя пару тыдняўЯк перадае БелТА, у Лукашэнкі і Пуціна ёсьць дамоўленасьць, што пасьля сустрэчы міністраў замежных спраў і прыезду ў кіраўніка ўраду ў Маскве пройдзе сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. У Менску гэта ацэньваюць як блізкую пэрспэктыву.
А пакуль што Лукашэнка падзякаваў Мішусьціну за «братэрскую дапамогу». Па яго словах, Расея падключылася ў цяжкую хвіліну і дапамагла «сур’ёзна стабілізавацца ў эканоміцы».
«У розумах людзей адбыўся пераварот, што Расея як братэрская краіна, асноўны наш эканамічны партнэр і рынак збыту — амаль палову ўсяго мы прадаём туды — ад нас не адвярнулася ў гэтыя цяжкія часы», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква ня будзе складаць усе яйкі ў кошык пад назвай «Лукашэнка», — расейскі экспэртУ сваю чаргу Міхаіл Мішусьцін запэўніў, што Расея цалкам падтрымлівае сувэрэнітэт, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі. Праўда, і паглыбленую інтэграцыю ніхто не адмяняў.
«Справа ня толькі ў гістарычных, моўных, духоўных сувязях. Але і ў сотнях, тысячах ці мільёнах грамадзян, якія фактычна зьяўляюцца адным народам. У нас па многіх пытаньнях прагрэс, у тым ліку аб будучыні саюзнай дзяржавы, якая заснавана на абсалютна незалежнай пазыцыі нашых краін, але з адпаведнымі захадамі эканамічнага характару, пра якія мы дамаўляліся», — нагадаў Міхаіл Мішусьцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мішусьцін: Расея і Беларусь дасягнулі дамоўленасьцяў у аплаце энэрганосьбітаў«Неабходна цалкам выключыць вонкавае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі», — заявіў прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін на перамовах беларускай і расейскай урадавых дэлегацый у Менску, паведамляе БелТА.
«Перш за ўсё хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць важнасьць забесьпячэньня незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі. Перакананыя, што ў цяперашняй сытуацыі неабходна дзейнічаць строга ў прававым полі, цалкам выключыць вонкавае ўмяшаньне ва ўнутраныя палітычныя працэсы Беларусі, адмовіцца ад усякага роду пагроз, прымяненьня аднабаковых санкцый і іншых нелегітымных абмежавальных захадаў», — сказаў Мішусьцін.