Хакеісты фінскага клюбу «Ёкерыт» байкатавалі матч зь менскім «Дынама» 

Менск-Арэна

Менск-Арэна

Хакейны клюб з Хэльсынкі «Ёкерыт» („Джокеры“) не паляцеў у Менск на матч з «Дынама», паведамляе выданьне IltaLehti.

Першая гульня новага сэзону ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе павінна была стартаваць у 18:10 у «Менск-Арэне».

Раней фіны спрабавалі перанесьці матч на больш позьні тэрмін празь нестабільную сытуацыю ў Беларусі, аднак гаспадары ў такой просьбе адмовілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі хакейныя заўзятары асьвісталі гендырэктара «Дынама» Дзьмітрыя Баскава

У сваю чаргу фан-клюб «Ёкерыт» прыгразіў байкотам камандзе, калі гульня зь менскім «Дынама» адбудзецца.

«Праз масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі мы ня можам пагадзіцца на матч у Менску», — было сказана ў заяве заўзятараў.

Фанаты адзначалі, што гатовыя перажыць тэхнічную паразу, але не зьбіраюцца мірыцца зь беззаконьнем, якое дэманструе беларускі рэжым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выканалі грамадзянскі абавязак». Хакеісты і супрацоўнікі «Дынама» прагаласавалі датэрмінова. Нязгодныя звольніліся

Дырэктарат падтрымаў заўзятараў, аднак клюбам валодаюць расейскія бізнэсоўцы, якія пацьвердзілі гатоўнасьць выступаць у Менску. Чаму быў адменены рэйс Finnair у Менск, пакуль не ўдакладняецца. Прынамсі а 13-й у аэрапорце Хэльсынкі каманда так і не зьявілася.

Пазьней інфармацыю пра адмену матчу ў Менску пацьвердзілі на афіцыйным сайце КХЛ.