Амэрыканскі бок «таксама даў ясна зразумець», што АБСЭ зьяўляецца «натуральным пасярэднікам» паміж беларускімі ўладамі і апазыцыяй, адзначыў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент, паведамляе ТАСС.
Расейска-амэрыканскія стасункі могуць стаць яшчэ горшымі ў выпадку «адкрытага сілавога ўмяшаньня» Расеі ў сытуацыю ў Беларусі. Такую думку выказаў у сераду намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент, выступаючы на відэаканфэрэнцыі, арганізаванай Нямецкім фондам Маршала ў Вашынгтоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША: Нашы асноўныя патрабаваньні — неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць гвалт супраць пратэстоўцаўЁн пракамэнтаваў паездку першага намесьніка дзяржсакратара ЗША Стывэна Бігэна ў Маскву і перамовы аб сытуацыі ў Беларусі. «Калі казаць пра нашы перамовы з Расеяй у Маскве, у Вене і тут, у Вашынгтоне (мы працягнем [весьці іх] як мінімум ва ўсіх гэтых трох месцах), мы выразна заявілі аб тым, якімі будуць наступствы адкрытага сілавога ўмяшаньня. Калі яны думаюць, што адносіны з намі, амэрыканска-расейскія адносіны, апошнія чатыры гады былі цяжкімі, то яны могуць стаць яшчэ горшымі», — сьцьвярджае дыплямат.
Паводле яго, амэрыканскі бок на перамовах з расейскімі калегамі «таксама дала ясна зразумець», што АБСЭ зьяўляецца «натуральным пасярэднікам» паміж беларускімі ўладамі і апазыцыяй. «Яе структура ідэальна падыходзіць для вырашэньня некаторых праблем у Беларусі, няхай гэта будзе якасьць выбарчага працэсу, палітычныя свабоды або грамадзкія стасункі», — лічыць Кент.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША разгледзяць санкцыі супраць усіх, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, — ПампэоЁн дадаў, што ЗША працягнуць весьці перамовы з Масквой, Менскам і эўрапейскімі саюзьнікамі аб сытуацыі ў Беларусі.
Кента папрасілі расказаць пра рэакцыю ЗША на магчымае «вайсковае ўмяшаньне» ў Беларусь з боку Расеі. «Стандартны дыпляматычны адказ: мы не займаемся гіпатэтычнымі здагадкамі. Я не зьбіраюся паглыбляцца ў падрабязнасьці. Аднак скажу, што на мінулым тыдні намесьнік дзяржсакратара Бігэн у Маскве выступіў з крышталёва празрыстым недвухсэнсоўным пасланьнем Расеі аб балючых наступствах, калі адбудзецца найгоршы сцэнар — адкрытае ваеннае ўмяшаньне», — сьцьвярджае намесьнік памочніка дзяржсакратара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат: «Мы хочам, каб Беларусь заставалася сувэрэннай, незалежнай краінай»«Мы, вядома, разглядаем гэты сцэнар і вывучаем тое, што мы можам зрабіць, але зноў жа, я ня думаю, што гаворка ідзе пра наяўнасьць [у ЗША] поўнамаштабнага пляна [дзеяньняў у сувязі з ваенным умяшаньнем]», — дадаў Кент. Ён лічыць, што «адкрытае ваеннае ўмяшаньне» было б «найгоршым сцэнаром ня толькі для Беларусі, але і для Расеі». «Беларусь і беларускае грамадзтва — гэта ў пераважнай большасьці прарасейская апора настрояў, і гэта нармальна. Мы ня ставім гэта пад сумнеў... Я лічу, што ваеннае ўмяшаньне было б катастрафічным для іміджу Расеі ў Беларусі», — мяркуе Кент.