«Атамныя станцыі — асабліва небясьпечныя аб’екты, якія не запускаюць падчас рэвалюцый і палітычных крызісаў». Беларускія эколягі і зялёныя патрабуюць прыпыніць пуск Астравецкай АЭС.
Каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі Тацяна Новікава тлумачыць, чаму могуць быць катастрафічныя наступствы пуску АЭС у крызіснай сытуацыі, чаму аўтарытарныя кіраўнікі лічаць, што «дзяржавы зь мірным атамам не бамбяць», чаму АЭС ня толькі ня выгадная, але і стратная для Беларусі, і чым небясьпечна, што ўсе ключавыя пасады на станцыі займаюць грамадзяне Расеі.
Цалкам размову з Тацянай Новікавай глядзіце на відэа.
Пра што гаворыцца ў звароце эколягаў і зялёных
- У спрэчцы уладаў Беларусі зь яе народам могуць прайграць усе, але ў першую чаргу ўлады, калі будуць выкарыстаны недапушчальныя сродкі. Гвалт — адзін зь іх. Другі — гэта пуск непатрэбнай і небясьпечнай БелАЭС.
- Унутраныя войскі і сілавыя структуры, якія маглі б быць задзейнічаны для ліквідацыі наступстваў магчымай аварыі, цяпер занятыя зусім іншым — проціборствам з пратэстоўцамі. Рэсурсы рэагаваньня сканцэнтраваны ў месцах масавых пратэстаў, такім чынам, няма каму будзе папярэджваць грамадзян пра аварыю і зьмякчаць яе наступствы.
- Рызыкі аварыі шматкроць узрастаюць у момант пуску ядзернага рэактара. У выпадку да БелАЭС яны павялічваюцца з улікам усіх тых недахопаў і праблем, зь якімі будавалася гэтая атамная электрастанцыя.
- МНС зьмяніла працэдуру пуску БелАЭС напярэдадні выбараў, дазволіўшы праводзіць пуск гэтай атамнай электрастанцыі паэтапна, па асобных дазволах, але безь ліцэнзіі на эксплуатацыю, да завяршэньня адпаведнай праверкі бясьпекі. У рэактар першага энэргаблёку ўжо загружана паліва, і яго фізычны старт можа адбыцца літаральна ў найбліжэйшыя тыдні.
- Тэрмін жыцьця дыктатара наўрад ці перавысіць 100 гадоў, але адпрацаванае ядзернае паліва, як і наступствы радыяцыйных аварый, застаюцца небясьпечнымі для чалавека і прыроды на працягу соцень тысяч гадоў.
- Нагадаем, што рызыкі аварыі шматкроць узрастаюць у момант пуску ядзернага рэактара. У дачыненьні да БелАЭС яны павялічваюцца з улікам усіх тых недахопаў і праблем, зь якімі будавалася гэтая атамная электрастанцыя.
Пуск атамнай электрастанцыі пад Астраўцом патрабуюць спыніць Беларуская партыя «Зялёныя», грамадзкая кампанія «Астравецкая АЭС — гэта злачынства!», грамадзкае аб’яднаньне «Экадом», Тацяна Новікава, каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі, Тацяна Пашавалава, міжнародная НДА «Эўрабеларусь», Ніна Палуцкая, дырэктар НДА «Сябры Нёмана», Натальля Парэчына, Інэса Балоціна, эколяг, Леанід Платоненка, эка-актывіст, Ігар Пастухоў, рэгіянальны каардынатар грамадзкай экалягічнай інспэкцыі «Зялёны дазор», Аляксандар Дарашэвіч, грамадзкая экалягічная інспэкцыя «Зялёны дазор».