Юрыст Максім Знак паведаміў, што ўлады палохаюць бацькоў адабраньнем дзяцей за ўдзел у пратэстах

Максім Знак

Член прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, юрыст Максім Знак расказаў, што бацькоў у некаторых школах і дзіцячых садках папярэджваюць, што за ўдзел у масавых акцыях сем’і могуць прызнаць нядобранадзейнымі і фактычна забраць дзяцей.

Пра гэта гаворыцца ў ягоным фэйсбуку, дзе ён апісвае выпадкі «юрыдычнага шулерства» і падмены паняцьцяў некаторымі беларускімі юрыстамі.

Паводле яго, бацькоў просяць падпісаць папярэджаньне, што ўдзел у масавых мерапрыемствах можа пацягнуць за сабой наступствы, прадугледжаныя дэкрэтам № 18 ад 24 лістапада 2006 году.

Згодна з гэтым дакумэнтам дзеці падлягаюць абароне дзяржавы і зьмяшчэньню на дзяржаўнае забесьпячэньне ў выпадку, калі бацькі «вядуць амаральны лад жыцьця», зьяўляюцца хранічнымі алькаголікамі ці наркаманамі альбо неналежна выконваюць свае абавязкі, у сувязі з чым дзеці могуць апынуцца «ў сацыяльна небясьпечным становішчы».

«Такім чынам, права на ўдзел у мірных акцыях раптам ператвараецца ня толькі ў злачынства, але і ў пацьверджаньне амаральнасьці бацькоў, што стварае пагрозу для дзяцей. Гэта па-за межамі», — кажа юрыст.