Сьведка-амапавец пацьвярджае, што журналіст быў у камізэльцы з надпісам «Прэса».
Суд па справе фотакарэспандэнта агенцтва БелаПАН Андрэя Шаўлюгі пачаўся ў 15.00 2 верасьня ў судзе Кастрычніцкага раёну. З моманту затрыманьня журналіста прайшлі амаль суткі. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту.
Абноўлена 19:25. Справу Шаўлюгі адправілі на дапрацоўку. Ці выпусцяць яго сёння, пакуль невядома.
На працэсе адвакат журналіста Сяргей Зікрацкі зьвярнуў увагу судзьдзі на нестыкоўкі ў рапарце АМАПу і пратаколе правапарушэньня і падаў хадайніцтва аб дапрацоўцы справы.
Допыт Андрэя Шаўлюгі прайшоў праз скайп, самога фатографа ў суд не прывезьлі. Як і іншыя затрыманыя журналісты, ён застаецца ў Кастрычніцкім РУУС. Сам Шаўлюга на працэсе паведаміў, што «выконваў працу, у мітынгу ня ўдзельнічаў».
Судзьдзя Рудэнка таксама дапытала сьведку Аляксандра Кавалёва, супрацоўніка АМАП, які затрымліваў журналіста. АМАПавец расказаў, што адсочваў перасоўваньне студэнтаў. У 16:50, паводле паказаньняў Кавалёва, Шаўлюга заклікаў студэнтаў «не разыходзіцца, а ісьці далей». Дзе дакладна знаходзіўся падчас шэсьця журналіст, міліцыянт паведаміць ня змог. Паводле паказаньняў Кавалёва, Андрэй Шаўлюга «каардынаваў дзеяньні натоўпу, бо быў у сіняй камізэльцы з надпісам „Прэса“».
У абарону Шаўлюгі на судзе сьведчыла студэнтка Елізавета Хадакоўская. Яна бачыла, як міліцыянты затрымлівалі журналістаў. Падчас затрыманьня Елізавета пыталася ў міліцыі, навошта яны гэта робяць. Паводле яе словаў, праваахоўнікі адказалі, што робяць гэта «для праверкі акрэдытацыі».
Працэс працягваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справы ўсіх журналістаў, затрыманых падчас студэнцкага пратэсту, вярнулі на дапрацоўку. Самі яны на АкрэсьцінаАндрэя Шаўлюгу разам зь іншымі журналістамі затрымалі каля 17.00 у раёне стадыёна «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна, як ім было заяўлена, «для праверкі дакументаў».
Рэпарцёры былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам Прэса (загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх ёсьць бэджы з фота і назвай выданьня, якое яны прадстаўляюць.
Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту, якая праходзіла ў Менску