2 верасьня Гомельскі абласны суд разглядаў скаргу актывіста Валера Сьляпухіна. У залі прысутнічалі і міліцыянты, якія намагаліся ўручыць актывісту чарговую позву ў міліцыю і забраць яго ў аддзел.
«Валеру зрабілася блага — пачала адымацца адна рука, падняўся ціск, яму выклікалі «хуткую», — паведаміла Свабодзе жыхарка Гомля Сьвятлана Нарскіна, якая была на судзе.
14 ліпеня ў Гомлі праходзіла акцыя салідарнасьці, на якой былі затрыманыя 20 чалавек, у тым ліку і Валер Сьляпухін. 15 ліпеня суд пакараў актывіста арыштам на 10 сутак. Гэтае рашэньне суду 2 верасьня Сьляпухін абскарджваў у абласным судзе, ён казаў, што доказаў ягонай супрацьпраўнай дзейнасьці не было. Суд ягоны пазоў не не задаволіў.
«Усьлед за Валерам на судзе хадзілі міліцыянты. Нават бачачы, што яму блага і прыехала „хуткая“, яны намагаліся ўручыць позву. Яна была на сёньня, на 15 гадзін. Цяпер Валер шпіталізаваны, бо ў яго высокі ціск», — зазначыла Сьвятлана Нарскіна.
Сьляпухін прымае актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці Гомля. Ён аўтар зваротаў у Генэральную пракуратуру, МУС і КДБ з патрабаваньнем прыцягнуць Аляксандра Лукашэнка да крымінальнай адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25-ы дзень пратэстаў. Судзяць студэнтаў і журналістаў