Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію карэспандэнту расейскага тэлеканалу RT Канстанціну Прыдыбайлу падзякаваў расейскім журналістам за падтрымку ў арганізацыі працы беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня — пасьля масавага сыходу і страйку супрацоўнікаў.
На апублікаваных RT кадрах Лукашэнка кажа, што некаторыя беларускія журналісты пасьля пачатку пратэстаў у краіне «хайпанулі на гэтай тэме».
«Яны ўжо загадзя сфармавалі адзін канал, другі, трэці, калектыў, і чакалі, калі рэвалюцыя адбудзецца. Вы разумееце, у гэты складаны пэрыяд наколькі былі важныя вы для нас. І тое, што вы тэхнічна паказалі, тэхнары вашыя, і журналісты... і кіраўніца вашая. Гэта вельмі дорага каштуе», — кажа Лукашэнка.
Раней агенцтва РБК, са спасылкай на некаторых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, напісала, што дапамогу ў арганізацыі працы каналу — пасьля страйку многіх журналістаў і тэхнічных супрацоўнікаў — пачалі аказваць супрацоўнікі RT.
У прэс-службе RT агенцтву РБК заявілі, што Лукашэнка пахваліў журналістаў расейскага каналу «за добрую працу», але пра дэталі гэтай працы прадстаўнік каналу не паведаміў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Russia Today: Нашы супрацоўнікі на Беларускай тэлевізіі не працуюцьКіраўніца Russia Today Маргарыта Сіманьян адмаўляла, што супрацоўнікі каналу былі накіраваныя ў Менск для працы ў Белтэлерадыёкампаніі. Аднак Лукашэнка падзякаваў і ёй.