Больш за тысячу супрацоўнікаў і навучэнцаў Акадэміі мастацтваў запатрабавалі новых выбараў

Беларуская акадэмія мастацтваў

Выкладчыкі, супрацоўнікі, выпускнікі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў апублікавалі адкрыты ліст, у якім запатрабавалі правядзеньня новых выбараў.

Аўтары звароту асудзілі ўжываньне гвалту супраць мірных пратэстоўцаў, а таксама разгон дэманстрацый. Таксама, на іх думку, выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што работнікам, якія не падтрымліваюць дзяржаўнай ідэалёгіі, ня месца ў беларускай сыстэме адукацыі, парушае права на дэмакратычную разнастайнасьць поглядаў, замацаванае ў арт. 4 Канстытуцыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнты лінгвістычнага ўнівэрсытэту прапанавалі Макею падпісаць пэтыцыю за свабодныя выбары. ВІДЭА

Падпісанты лічаць недапушчальным любы ціск на СМІ і ўвядзеньне цэнзуры, а таксама неабгрунтаванае затрыманьне прадстаўнікоў незалежных СМІ.

Яны выказваюць недавер да вынікаў галасаваньня на выбарах 9 жніўня і патрабуюць правядзеньня новых адкрытых і сумленных выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы беларускіх студэнтаў патрабуюць правесьці новыя выбары, заклікаюць выходзіць з БРСМ

Аўтары адкрытага ліста заяўляюць, што не замахваюцца на нацыянальную бясьпеку, але патрабуюць захаваньня грамадзянскіх правоў, свабодаў і права на волевыяўленьне.