Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі не зяўляецца першараднай задачай апазыцыі, гэта спроба Лукашэнкі адтэрмінаваць свой сыход, заявіла Сьвятлана Ціханоўская ў сваім звароце, распаўсюджаным у аўторак.
Наша галоўная мэта — дамагчыся выкананьня патрабаваньняў грамадзян Беларусі і правесьці новыя сумленныя выбары, заявіла Ціханоўская.
«Пасьля выбараў 9 жніўня выбарнікі пачалі масавыя пратэсты ў абарону свайго выбару. Галоўнае патрабаваньне людзей — Лукашэнка павінен пакінуць сваю пасаду. Акрамя таго, пратэстоўцы патрабуюць вызваленьня ўсіх палітвязняў; спыненьня рэпрэсій і прыцягненьня да адказнасьці іх арганізатараў і выканаўцаў; правядзеньня новых сумленных выбараў».
Ціханоўская заяўляе, што пазытыўна глядзіць на ініцыятыву Віктара Бабарыкі аб стварэньні новай партыі, але ня згодная зь ягонай пазыцыяй, што апазыцыя прайграла на выбарах:
«Мы перамаглі, але нашу перамогу спрабуюць скрасьці. Менавіта таму людзі выйшлі на масавы пратэст, менавіта таму пачаліся страйкі, менавіта таму пратэстуе ўсё наша грамадзтва — ад студэнтаў да пэнсіянэраў, ад спартоўцаў да прадпрымальнікаў».