Прычынай блякаваньня сайту Naviny.by — інтэрнэт-газэты БелаПАН — сталі артыкулы, якія, на думку ўладаў, «нэгатыўна характарызуюць сытуацыю ў Беларусі пасьля заканчэньня электаральнай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасьць дзяржаўных органаў».
Гэта вынікае зь ліста з подпісам міністра інфармацыі Ігара Луцкага, які атрымалі рэдакцыі БелаПАН і інтэрнэт-выданьня «Наша ніва».
Сайты Naviny.by і nn.by заблякавалі ўвечары 28 жніўня. Як вынікае з дакумэнта, які паступіў у БелаПАН, незадаволенасьць улад выклікалі наступныя артыкулы, апублікаваныя на Naviny.by:
- «Звычайны чалавек ня можа так бессэнсоўна і жорстка біць чалавека ні за што»;
- «„Сука, расстаў ногі шырэй“. Як на Акрэсцьіна зьбівалі і прыніжалі жанчын»;
- «У Ціханоўскай скралі галасы. Лукашэнка ня можа лічыцца прэзыдэнтам»;
- «Людзі жывуць у страху. Вядомыя IT-кампаніі закрылі офісы ў Менску»;
- «Міхаіл Пастухоў: ДЭ-ЮРЭ. Парлямэнта ў Беларусі няма, як і дэпутатаў»;
- «Пакараць уладу рублём». Да чаго прывядзе страйк шахтароў на «Беларуськаліі»;
- «Было адчуваньне Хатыні — карнікі замкнулі». Як АМАП блякаваў Чырвоны касьцёл«;
- «Лінкявічус: Напружаная сытуацыя ў Беларусі патрабуе неадкладнай увагі міжнароднай супольнасьці».
Зь ліста Мінінфармацыі вынікае, што рашэньне абмежаваць доступ да сайта Naviny.by прымала міжведамасная камісія бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі. На думку камісіі, пералічаныя матэрыялы «спрыяюць нанясеньню шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Сайт Naviny.by дасяжны па адрасе naviny.media.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм патлумачыў блякаваньне 9 беларускіх сайтаў
За што заблякавалі «Нашу Ніву»
«Наша Ніва» расказала, што рэдакцыя атрымала ад міністра інфармацыі Беларусі Ігара Луцкага ліст, у якім тлумачыцца, чаму быў заблякаваны сайт выданьня.
Усе артыкулы прысьвечаныя пасьлявыбарчым падзеям у Беларусі, у іх апісваюцца жорсткія дзеяньні сілавікоў пры затрыманьні мірных пратэстоўцаў, яны збольшага грунтуюцца на сьведчаньнях людзей, якія сталі ахвярамі гвалту сілавікоў і расказалі пра гэта СМІ.
На думку чыноўнікаў, гэтыя артыкулы «штучна ствараюць напружаньне і супрацьстаяньне паміж грамадзтвам і дзяржавай, зьніжаюць матывацыю да эфэктыўнай працы і гаспадарчай дзейнасьці, распаўсюджваюць недакладную альбо сьвядома скажоную інфармацыю, здольную нанесьці страты нацыянальным інтарэсам, а таксама аслабляюць пачуцьці патрыятызму, гатоўнасьці грамадзян да ўзброенай абароны незалежнасьці».
У сувязі з гэтым доступ да сайта nn.by абмежаваны. Тэрмін, на працягу якога будуць дзейнічаць абмежаваньні, не называецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабода без цэнзуры: усталюйце нашу мабільную праграму!