Міністэрствы, якія адказваюць за энэргетыку краін Балтыі, дасягнулі згоды аб спыненьні куплі электраэнэргіі ў Беларусі пасьля запуску Беларускай АЭС, паведаміла ў аўторак міністэрства эканомікі Эстоніі. Пра гэта інфармуе Інтэрфакс.
«Дасягнутае пагадненьне зьмяшчае элемэнты, якія паляпшаюць рынкавую пазыцыю і пэрспэктывы нашых вытворцаў электраэнэргіі», — пракамэнтаваў наступствы пагадненьня для Эстоніі міністар эканомікі Тааві Аас.
Для спыненьня гандлю электраэнэргіяй з Беларусьсю будзе выкарыстоўвацца сыстэма апазнаваньня паходжаньня электраэнэргіі.
У скарочаным аб’ёме гандаль працягнецца на расейска-латвійскім напрамку. Для гэтага будуць выкарыстоўвацца рэшткавыя магутнасьці ад унутранага гандлю паміж краінамі Балтыі. Паміж Літвой і Калінінградам гандаль электраэнэргіяй працягнецца ў цяперашнім аб’ёме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы энэргаблёк БелАЭС рыхтуюць да «фізычнага пуску», завезьлі дадатковы гэнэратар на выпадак аварыіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі энэргаблёк БелАЭС гатовы да пусканаладачных працаў, першы абяцаюць адкрыць неўзабаве
Як чакаюць краіны Балтыі, у сувязі з прынятым пагадненьнем гандаль электраэнэргіяй паміж імі і трэцімі краінамі скароціцца напалову. Пагадненьне будзе дзейнічаць да сынхранізацыі энэргасыстэм краін Балтыі з Цэнтральнай Эўропай, заплянаванай на канец 2025 году.
Першы энэргаблёк БелАЭС, якая месьціцца непадалёк ад Астраўца, паводле пляну мае быць уведзены ў эксплёатацыю ў 2020 годзе, другі — у 2021-м.
На выпрацоўцы адзінай пазыцыі краін Балтыі ў справе адмовы ад куплі электраэнэргіі ў Беларусі пасьля ўводу ў эксплёатацыю БелАЭС настойвала Літва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зробім усё, каб электраэнэргія зь БелАЭС ня трапіла на наш рынак», — прэм’ер Літвы
Яшчэ ў чэрвені 2017 году літоўскі парлямэнт замацаваў у законе сьцьвярджэньне аб тым, што БелАЭС зьяўляецца небясьпечнай і стварае пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Літвы, навакольнага асяродзьдзя і грамадзкага здароўя. Мэтай гэтага закону таксама было абмежаваньне імпарту электраэнэргіі зь Беларусі.