Зварот былога кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі быў запісаны яшчэ да ягонага арышту, і ў ім гучаць словы «мы не змаглі перамагчы на выбарах». Ён кажа аб стварэньні «партыі альбо руху» з наступнымі задачамі:
– Правесьці канстытуцыйную рэформу
– Працаваць над паляпшэньнем эканомікі
– Даваць людзям магчымасьць праяўляць грамадзянскую ініцыятыву
Пасьля Бабарыкі зь відэазваротам выступіла кіраўніца ягонага перадвыбарчага штабу Марыя Калесьнікава, якая цяпер уваходзіць у Каардынацыйную раду апазыцыі. Яна паведаміла, што ствараецца палітычная партыя «Вместе» (Разам) і блізкім часам будуць пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю.
Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка ад 18 чэрвеня знаходзіцца ў зьняволеньні паводле абвінавачаньняў у эканамічных злачынствах.