«Наша Ніва» расказала, што рэдакцыя атрымала ліст ад міністра інфармацыі Беларусі Ігара Луцкага, у якім тлумачыцца, чаму быў заблякаваны сайт выданьня.
Міністар адзначае, што Савет бясьпекі мае прэтэнзіі да васьмі артыкулаў (у арыгінале прыводзяцца іх вэрсіі на расейскай мове):
- Забойства берасьцейскага дэманстранта Генадзя Шутава: 10 пытаньняў, на якія няма адказаў. Знайшлося відэа
- «Гук дубінак не забыць ніколі». Затрыманы мянчук зьняў жудаснае відэа ў аўтазаку (гэты артыкул «Наша Ніва» перадрукавала з парталу Tut.by)
- «Дзеяньні сілавікоў нагадваюць зьверствы фашысцкіх акупантаў». Зварот кіраўнікоў грамадзкіх арганізацый і творчых саюзаў
- «Што, пераменаў захацеў, с*чара?». Расповед менчука, які запытаўся ў амапаўцаў дарогу
- Натоўп людзей у чорным зьбіваў таксіста падчас пратэстаў. Машыну да гэтага часу не знайшлі
- «Як у кіно пра канцлягер». Чатыры гісторыі пра тое, як сілавікі зьбівалі і зьдзекаваліся ў Віцебску (артыкул, перадрукаваны з сайта Свабоды)
- Сілавік зь вядомага фота: я ратаваў хлопца, які быў пад алькаголем і наркотыкамі. Хлопец: ні слова праўды
- «Не мае ніякай юрыдычнай сілы». Што за паперку падпісваюць тыя, каго адпускаюць сілавікі
Усе артыкулы прысьвечаныя пасьлявыбарчым падзеям у Беларусі, у іх апісваюцца жорсткія дзеяньні сілавікоў пры затрыманьні мірных пратэстоўцаў, яны збольшага грунтуюцца на сьведчаньнях людзей, якія сталі ахвярамі гвалту сілавікоў і расказалі пра гэта СМІ.
На думку чыноўнікаў, гэтыя артыкулы «штучна ствараюць напружаньне і супрацьстаяньне паміж грамадзтвам і дзяржавай, зьніжаюць матывацыю да эфэктыўнай працы і гаспадарчай дзейнасьці, распаўсюджваюць недакладную альбо сьвядома скажоную інфармацыю, здольную нанесьці страты нацыянальным інтарэсам, а таксама аслабляюць пачуцьці патрыятызму, гатоўнасьці грамадзян да ўзброенай абароны незалежнасьці».
У сувязі з гэтым доступ да сайта nn.by абмежаваны. Тэрмін, на працягу якога будуць дзейнічаць абмежаваньні, не называецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады заблякавалі сайт «Нашай нівы» і Naviny.by28 жніўня ўлады заблякавалі сайты «Нашай Нівы» і Naviny.by.