Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч заявіў Свабодзе, што ён ня мае інфармацыі, колькі крымінальных спраў заведзена па фактах зьбіваньня і катаваньняў затрыманых грамадзян у пэрыяд 9–12 жніўня.
«Грамадзяне працягваюць звяртаюцца з заявамі аб цялесных пашкоджаньнях пры іх затрыманьні супрацоўнікамі праваахоўных органаў, і аб атрыманьні цялесных пашкоджаньняў у месцах часовага ўтрыманьня. Сьледчы камітэт у кожным такім абыходжаньні разьбіраецца. Інфармацыя правяраеццца і сыстэматызуецца, ёй будзе дадзена належная прававая ацэнка», — заявіў Кабаковіч.
Сяргей Кабаковіч ня змог паведаміць, ці заведзена хоць адна крымінальная справа паводле гэтых заяваў, спаслаўшыся, што ў яго няма інфармацыі пра гэта.
Наконт сьмерцяў грамадзян Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, якія загінулі падчас акцый пратэсту ў Менску і Берасьці ад выкарыстаньня міліцыяй шумавой гранаты і стрэлу табэльнай зброі, Кабаковіч адзначыў, што правядзенне сьледчых дзеяньняў працягваецца, але не канкрэтызаваў, ці завялі крымінальныя справы і як расьсьледуюцца гэтыя выпадкі.
Тым часам, паводле Сьледчага камітэту, за апошні час зарэгістравана больш за 150 выпадкаў пагроз і абраз у адрас чыноўнікаў. Толькі за апошнія два дні распачалі больш за дзесяць крымінальных спраў паводле такіх фактаў, а з пачатку жніўня — каля пяцідзесяці.
Сьцьвярджаецца, што ў сувязі з заклікамі адклiкаць дэпутатаў некаторым зь іх пачалі паступаць пагрозы расправай, калі яны не складуць сваіх паўнамоцтваў. Маўляў, ахвярамі такіх пагроз сталі шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і кіраўнікоў мясцовых органаў улады зь Менску, Гомля і іншых гарадоў.
Раней Сьледчы камітэт выклікаў сяброў Каардынацыйнай рады, у тым ліку нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, на допыты ў справе аб закліку да захопу ўлады.