БТ амаль цалкам праігнаравала антыўладныя пратэсты, у якіх удзельнічалі сотні тысяч чалавек

«Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку 30 жніўня

У выпуску навінаў а 19-й гадзіне на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» амаль цалкам праігнаравалі сёньняшнія акцыі пратэсту ў Менску і іншых гарадах Беларусі, у якіх сумарна ўдзельнічалі сотні тысяч чалавек.

Адзіная згадка пра антыўладныя выступленьні прагучала на шостай хвіліне выпуску. Тэлеканал згадаў інфармацыю Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пра тое, як «удзельнікі несанкцыянаванага мітынгу накінуліся на спэцтранспарт і супрацоўнікаў, якія ў ім знаходзіліся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 22-і дзень пратэстаў. Марш міру і незалежнасьці ў Менску і іншых гарадах Беларусі

Як паведамляе МУС, «сярод затрыманых — трэнэр па футболе 1986 году нараджэньня і ўдзельнік фанацкага руху вядомага футбольнага клюбу 1993 году нараджэньня, абодва неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці». Яшчэ адзін затрыманы 1978 году нараджэньня, паводле МУС, раней судзімы і таксама неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. «Адзін з затрыманых знаходзіўся ў стане алькагольнага ап‘яненьня».

На відэа, якое апублікавала МУС, аднак, відаць, што канфлікт пачаўся з таго, што зь мікрааўтобуса без нумароў, які міністэрства называе «службовым аўтамабілем міліцыі», выскачылі некалькі чалавек у цывільным і пачалі жорстка зьбіваць і затрымліваць чалавека. Тады пратэстоўцы кінуліся на абарону мужчыны, сталі крычаць: «Гэта правакацыя!». Пратэстоўцы спрабавалі спыніць затрыманьні і накінуліся на аўтамабіль.

«Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку: як беларусы павіншавалі Лукашэнку. ШМАТ ФОТА

У выпуску навінаў на «Беларусь 1» паказалі кадры размовы з затрыманым, які і справакаваў канфлікт. Ён ішоў па ўзбочыне праспэкту і стукнуў нагой па борце мініаўтобуса без апазнавальных знакаў. На кадрах ён кажа, што быў моцна п’яны і ня ведае, чаму атакаваў машыну.