Аляксандар Лукашэнка павіншаваў работнікаў «Беларуськалію» з Днём шахтара.
«Горназдабыўная галіна — адна з ключавых для эканомікі краіны. Дзякуючы вашай нялёгкай і адказнай працы Беларусь сёньня ёсьць найбуйнейшым вытворцам і прадаўцом калійных угнаеньняў на ўсясьветным рынку», — перадае словы Аляксандра Лукашэнкі БелТА.
Ён адзначыў, што каштоўны досьвед некалькіх пакаленьняў гарнякоў, адточаны ў цяжкасьцях і перададзены моладзі, дазваляе калектыву «Беларуськалію» ставіць перад сабой самыя амбітныя задачы і пасьпяхова вырашаць іх.
«Не спыняйцеся на дасягнутым, цяпер вы рэалізуеце вельмі важны і патрэбны праект — будаўніцтва новага горна-ўзбагачальнага камбінату, які стане яшчэ адным драйвэрам айчыннай горна-хімічнай галіны. Няхай вашыя прафэсіяналізм, сіла духу, стваральная энэргія і далей спрыяюць росту дабрабыту беларусаў і росквіту нашай зямлі», — гаворыцца ў віншаваньні Лукашэнкі.
Раней шахтараў павіншаваў і страйкам «Беларуськалію». «Дарагія калегі, беражыце сябе, выконвайце патрабаваньні аховы працы і прамысловай бясьпекі», — заклікаў страйкам. Страйкам аб’явіў 30 жніўня «днём нараджэньня новай Беларусі і новых свабодных людзей у ёй».
Паводле інфармацыі на 27 жніўня, «Беларуськалій» працаваў у рэжыме частковага страйку. Паводле Белстату, экспарт калійных угнаеньняў у 2019 годзе прынёс Беларусі 2,77 мільярда даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі каардынатарку страйкаму БДУ і яе мужа, сканфіскавалі тэхніку і дакумэнты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гандаль зь Беларусьсю складае толькі 2-3% ад усяго гандлю Літвы», — экспэрт пра пагрозы Лукашэнкі