Праўладны саюз журналістаў: «Настойваем на хуткай выдачы новых акрэдытацый журналістам замежных СМІ»

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне журналісткі Свабоды Аляксандры Дынько, якую 29 жніўня пазбавілі акрэдытацыі МЗС. Менск, 19 чэрвеня 2020 году

Беларускі саюз журналістаў настойвае на хуткай выдачы новых акрэдытацый журналістам замежных СМІ, гаворыцца ў распаўсюджанай у суботу заяве БСЖ, паведамляе агенцтва Interfax.by.

У заяве падкрэсьліваецца, што Беларускі саюз журналістаў «выступаў і выступае за празрыстае, канкурэнтнае і этычна вытрыманае разьвіцьцё мэдыя, за захаваньне мэдыйнага заканадаўства і бясьпеку журналістаў».

«Мы настойваем, каб працэс выдачы новых акрэдытацый нашым замежным калегам прайшоў максымальна хутка, не ствараў праблем для нашых калегаў, ня быў расьцягнуты ў часе і не адбіўся на аб’ёме інфармацыі пра Беларусь у замежнай інфармацыйнай прасторы», — заявілі ў БСЖ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі пазбавілі акрэдытацыі чатырох карэспандэнтаў Свабоды, а таксама шэраг іншых журналістаў замежных СМІ. СЬПІС

У саюзе сьцьвярджаюць, што працягваюць уважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі і «разьлічваюць, што ў выніку пераакрэдытацыі ўсе беларускія і замежныя прафэсійныя журналісты і рэдакцыі ў адпаведнасьці з законам адновяць сваю працу ў Беларусі ў поўным абʼёме і ў бліжэйшы час».

Таксама ў БСЖ заявілі, што са свайго боку гатовыя падтрымаць «усе партнэрскія рэдакцыі СМІ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта напад на беларускі народ». Кіраўніца РСЭ/РС пракамэнтавала пазбаўленьне акрэдытацыі журналістаў

29 жніўня каля двух дзясяткаў замежных журналістаў і беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, былі пазбаўленыя акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС:

  • карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько,
  • Аляксандар Грабёнкін і Сяргей Гапон з AFP,
  • Васіль Фядосенка і Ўладзімер Косьцін з Reuters,
  • Тацяна Мельнічук і Тацяна Януцэвіч з ВВС,
  • Генадзь Шарыпкін зь Міжнароднага францускага радыё,
  • Раман Васюковіч з «Настоящего времени»,
  • Ільля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін зь нямецкага тэлеканалу ARD,
  • Сяргей Грыц, Юры Карманаў з Associated Press.

Рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі МЗС прыняла міжведамасная камісія па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры, створаная паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі ў 2017 годзе. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі кіраўніцтва Савету бясьпекі, адміністрацыі прэзыдэнта, КДБ, Міністэрства абароны, Міністэрства інфармацыі, іншых дзяржаўных структур Беларусі.

27 і 28 жніўня журналістаў масава затрымлівалі падчас асьвятленьня акцый пратэсту ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ўваходзіць у камісію, якая пазбавіла акрэдытацыі замежных журналістаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША заклікалі ўрад Беларусі праявіць стрыманасьць, спыніць перасьлед журналістаў. Заява амбасады