У цэнтры Менску праходзіць жаночы гранд-марш салідарнасьці. Затрымліваюць мужчын. ВІДЭА

Удзельніцы маршу на плошчы Перамогі

29 жніўня ў Менску праходзіць жаночы марш салідарнасьці, на які выйшла непкалькі тысяч жанчын, якія сабраліся на плошчы Перамогі. Міліцыя затрымала некалькі мужчын, у тым ліку журналістаў Радыё Свабода, якія вялі стрым.​

16.35. Падчас жывой трансьляцыі затрымалі журналістаў Радыё Свабода Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка.

16:23 Жанчына з дзьвюма дочкамі сказала, што выйшла за сваю свабоду перамяшчацца, працаваць і галасаваць. Але яна сказала, што ўлады хутчэй за ўсё яе ня чуюць.

16:20 Удзельніцы шэсьця засьпявалі «Купалінку» і рушылі з абодвух ходнікаў у бок Кастрычніцкай плошчы. Пазьней яны пачалі скандаваць «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго».

16:18 Ніна Багінская разам з трыма паплечніцамі ідуць па праспэкце Незалежнасьці. Зь імі спрабуе размаўляць АМАПавец. Пазьней Багінская і паплечніцы зайшла на ходнік. Удзельніцы калёны скандуюць «Ніна».

16:15 Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго хлопца, за ім у бусік хацела прайсьці дзяўчына, але яе не пусьцілі.

16:13 Мужчына ў цывільным затрымаў і адвёў у шэры бусік хлопца, які казаў, што ідзе дадому.

16:11 Жаночая калёна пачала рух ад плошчы Перамогі ў бок плошчы Якуба Коласа. За імі крочыць калёна АМАПаўцаў. Яны перакрылі пешаходны пераход, каб жанчыны не змаглі далучыцца да шэсьця. Жанчыны перайшлі дарогу па праезнай частцы каля мэмарыялу Перамогі. Жанчыны заблякавалі рух па колавым скрыжаваньні. Жанчын атачылі таніраваныя бусікі. Цягам хвіліны праезд па колу адхілілі.

16:09 Жанчына з двухбаковым плякатам «Махровыя бэрэты» і «Лавачныя войскі» кажа, што пасьля дня выбараў ёй ужо ня страшна выходзіць на праспэкт. Жанчына распавяла, што была сьведкай затрыманьняў і разгонаў пратэстэстоўцаў каля станцыі мэтро «Пушкінская».

16:04 На плошчы Перамогі затрымалі хлопца з кветкамі, пазьней яго перавялі ў іншы аўтазак, ля аўтазаку стаіць жанчына зь кветкамі, яе пакуль не затрымліваюць.

16:01 Жанчыны пачалі рух па праспэкце Незалежнасьці да мосту праз Сьвіслач. Рух грамадзкага транспарту ня спынены.

16:00 Міліцыянт папярэджвае жанчын пра тое, што акцыя несанкцыяваная Менгарвыканкамам, і просіць жанчын разыйсьціся. На Перамогі стаіць аўтазак, АМАПаўцы прайшліся шэрагам.