Сілы Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Балтыйскім рэгіёне маюць абарончы характар і былі разгорнутыя да крызісу ў Беларусі, заявіла афіцыйны прадстаўнік NATO Аана Люнджэску.
«Мы дзейнічаем празрыста ў тым, што тычыцца баявой падрыхтоўкі і вучэньняў, якія плянуюцца на доўгатэрміновы пэрыяд», — паведаміла Люнджэску ў адказ на просьбу «Інтэрфаксу» пракамэнтаваць заявы Лукашэнкі пра пагрозу на заходніх межах і пра імкненьне NATO выкарыстоўваць Беларусь як «трамплін у Расею».
У якасьці прыкладу Люнджэску прывяла разгортваньне сыстэмы далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня AWACS NATO для падтрымкі зьнішчальнікаў F-16 ЗША і Польшчы падчас трэніровак.
Яна спаслалася пры гэтым на словы генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга пра тое, што Паўночнаатлянтычны альянс застаецца пільным і гатовы абараняць усіх саюзьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайсковы экспэрт: Перакіданьне F-16 да межаў Беларусі — плянавыя рэгулярныя вучэньні NATO