Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай з нагоды пазбаўленьня акрэдытацыі журналістаў.
«Пазбаўленьне нашых журналістаў акрэдытацыі без абгрунаваньня ці прычыны — гэта адчайны крок аўтарытарнага ўраду, каб задушыць незалежныя СМІ і жорстка кантраляваць доступ да вартай даверу інфармацыі ўнутры Беларусі. Гэта парушэньне міжнародных стандартаў і напад на беларускі народ, які спадзяецца на нас».
Рашэньнем МЗС Беларусі карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Ўладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС для журналістаў замежных СМІ, якая дазваляе ім працаваць на тэрыторыі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброў Каардынацыйнай рады Кавалькову і Дылеўскага перавялі ў жодзінскую турмуПрэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў Свабодзе, што рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі замежных журналістаў было прынятае на падставе прадстаўленьня Мiжведамаснай камiсii бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Колькі ўсяго журналістаў страцілі акрэдытацыю ў выніку гэтага рашэньня, ён назваць адмовіўся.
Вядома таксама, што сёньня былі пазбаўленыя акрэдытацыі Аляксандар Грабёнкін і Сяргей Гапон з AFP, Васіль Фядосенка і Ўладзімер Косьцін з Reuters, Тацяна Мельнічук і Тацяна Януцэвіч з ВВС, Генадзь Шарыпкін з Міжнароднага францускага радыё, Раман Васюковіч з «Настоящего времени», Ільля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін зь нямецкага тэлеканалу ARD, Сяргей Грыц, Юры Карманаў з Associated Press.
«З МЗС Беларусі патэлефанавалі, сказалі аб ануляваньні нашай з Тацянай Януцэвіч акрэдытацыі як карэспандэнтаў ВВС, запатрабавалі вярнуць картачкі аб акрэдытацыі сёньня ці ў панядзелак, сказалі, што яны ўжо не сапраўдныя. Прычыну рашэньня не назвалі», — сказала Свабодзе Тацяна Мельнічук.
Затрыманьні журналістаў на акцыях пратэсту
27 жніўня пасьля 18-й гадзіны на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, сярод іх фатографа Радыё Свабода Ўладзімера Грыдзіна. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС «для праверкі дакумэнтаў».
На плошчы Незалежнасьці ў 19:30 зноў пачаліся затрыманьні. Сярод дзясяткаў затрыманых і журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Рабчык і Алесь Дашчынскі. Стрым Свабоды сілавікі спынілі ў жывым эфіры. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра больш як 200 затрыманых 27 жніўня.
28 жніўня затрымалі беларуса Ільлю Кузняцова, а таксама грамадзян Расеі Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаміна (усе трое былі акрэдытаваныя ў МЗС Беларусі як журналісты тэлеканалу ARD) затрымалі ў Менску напярэдадні. Ноч журналісты правялі ў РУУС, іх адпусьцілі толькі раніцай. «Склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 (актыўны ўдзел у масавай акцыі) і пазбавілі акрэдытацыі «ў мэтах гарантаваньня інфармацыйнай бяспекі краіны», — распавёў Tut.by Ільля Кузняцоў.