Сяброў Прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага перавялі зь менскага ізалятара Акрэсціна ў Жодзіна, у турму нумар 8.
Пра гэта Свабодзе паведаміла прэс-служба Каардынацыйнай рады.
25 жніўня Кавалькову і Дылеўскага суд пакараў 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Абаіх затрымалі ў панядзелак днём у раёне Менскага трактарнага заводу ў рамках адміністрацыйнага працэсу. Іх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.
Прыхільнікі кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай стварылі Каардынацыйную раду з мэтай транзыту прэзыдэнцкай улады ў краіне шляхам правядзеньня новых выбараў.
У прэзыдыюм рады ўвайшлі нобелеўская ляўрэатка ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, міжнародны мэдыятар Лілія Ўласава, прадстаўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, экс-дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка. Іх усіх ужо дапыталі ў Сьледчым камітэце як сьведак.
Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк пасьля стварэння Рады заявіў, што яго дзейнасьць зьяўляецца антыканстытуцыйнай і накіравана на захоп улады. У сувязі са стварэньнем рады завялі крымінальную справу паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», якая ў якасці пакараньня прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.